ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на I нядзелю Вялікага посту 2010 г.

Пастырскае Слова

Кс. Біскуп Аляксандр КашкевічНяма на свеце місіі больш прыгажэйшай і высакароднейшай, чым служыць ад Божага імя, як напрыклад: абвяшчаць Божае слова; сакрамэнтальна зводзіць Творцу на зямлю, як напрыклад: ачышчаць і вызваляць людскія сэрцы ад грахоў, яднаць людзей з Богам, вяртаць ім свабоду і годнасць Божых дзяцей.
    Няхай год Святарства ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі будзе парой, якая схіляе да большай супольнасці і яднання са святарамі, да роздуму над сваёй паставай у адносінах да іх і да малітвы за іх.
Дарагія браты-святары, дыяцэзіяне!
   Перыяд Вялікага посту з’яўляецца нашай падрыхтоўкай на дзень Змёртвыхпаўстання Пана. У гэты час мы павінны ажывіць веру ў Езуса Хрыста, а таксама быць Яму ўдзячны за здзейсненае на крыжы адкупленне. Такім спосабам мы хочам падзякаваць Езусу за тое, што Ён палюбіў нас да рэшты і застаўся з намі. Асабліва ў гэтым годзе мы ўдзячны за тое, што ў Вялікі чацвер Ён устанавіў сакрамэнт Святарства і няспынна цераз паслугу святароў нагадвае аб сабе на алтары падчас кожнай Эўхарыстыі. У гэтай падзяцы мы злучаемся са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, які ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса 19 чэрвеня 2009 г. адкрыў у паўсюдным Касцёле год Святарства. Нагодай да гэтага была 150 гадавіна з дня смерці св. Яна Марыі Віянэя, пробашча з Арс. Таму ў гэтым пастырскім пасланні я хачу разам з Вамі, дарагія дыяцэзіяне, прыгледзецца да святарскага прызвання.
Кожны святар удзельнічае ў адвечным святарстве Хрыста, які яго асабіста прызывае для выканання такой высакароднай функцыі. Святарства – гэта Божы дар для Касцёла. Яно з’яўляецца таксама вялікай таямніцай, якая выражае сціслае яднанне пакліканага з Хрыстом-Адкупіцелем. Евангеліст св. Марк расказвае, што Езус “Узыходзіць на гару, і кліча да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго. І вызначыў дванаццаць, каб яны былі пры Ім; і каб пасылаць іх прапаведаваць, і каб яны мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў” (Мк 3, 13 – 15). На працягу трох гадоў Настаўнік фарміраваў іхнія розумы і сэрцы. Падчас Апошняй Вячэры ў Вялікі чацвер Езус называе апосталаў сваімі сябрамі. Ён перадае ім права ўдзельнічаць у сваім святарстве словамі: “Гэта чыніце на маю памяць”. Збавіцель прызначае іх для таго, каб яны ішлі і прыносілі плён, і каб гэты плён быў трывалы (пар. Ян 15, 16). Пасля паўстання з памерлых Хрыстус звяртаецца да апосталаў: “Як Мяне паслаў Айцец, так і Я пасылаю вас”. І, калі гэта сказаў, дыхнуў на іх і кажа ім: “Вазьміце Духа Святога. Каму б ні адпусцілі вы грахі, тым яны адпушчаны; каму б ні затрымалі, на тым яны затрымаліся” (Ян 20, 19 – 23). Перад унебаўшэсцем Хрыстус пасылае апосталаў, каб яны навучалі ўсе народы і ахрышчвалі іх. Ён абяцае быць з імі да канца свету (пар. Мк 16, 15 – 19). Таму існаванне святара з’яўляецца супрацоўніцтвам з Хрыстом-Адкупіцелем і выкананнем функцый, якія яму даручаны Збавіцелем. Няма на свеце місіі больш прыгажэйшай і высакароднейшай, чым служыць ад Божага імя, як напрыклад: абвяшчаць Божае слова; сакрамэнтальна зводзіць Творцу на зямлю, як напрыклад: ачышчаць і вызваляць людскія сэрцы ад грахоў, яднаць людзей з Богам, вяртаць ім свабоду і годнасць Божых дзяцей. Святарства – гэта нязвыклая місія.
    Таму св. Ян Марыя Віянэй, заступнік пробашчаў і ўсіх святароў, меў часта звычку паўтараць: “Святарства – гэта любоў Езусовага Сэрца”. Так ён гаварыў вернікам пра святарства: “Калі б не было сакрамэнту Святарства, то не было б Бога сярод нас. Хто ж схаваў яго ў табэрнакулюм? Святар. Хто прыняў вашыя душы ў Касцёл, калі вы нарадзіліся? Святар. Хто корміць іх, каб душы мелі сілы для зямнога пілігрымавання? Святар. А калі душа пападзе ў смяротны грэх, хто яе ўваскрасіць да жыцця? Хто верне ёй супакой сумлення? Толькі святар. Вы не знойдзеце ніякага дабра, якое паходзіць ад Бога, каб за ім не стаяў святар Пасля Бога святар – найважнейшы! Святар жа не з’яўляецца святаром сам для сябе. Ён не можа сам сабе дараваць грахоў. Не можа сам сабе ўдзяліць ніякага сакрамэнту. Святар не жыве для сябе, а жыве для вас” (Альфрэд Монін “Запіскі з Арс”, Варшава, 2009 г. с. 117 – 123).
    Святы Ян Віянэй быў пасланы да адной з найменшых парафій Ліёнскай архідыяцэзіі, якая налічвала 230 чалавек. Гэтая мясцовасць была да такой ступені здэхрысціянізавана, што ў нядзельнай Эўхарыстыі прымала ўдзел толькі некалькі асобаў. Малады душпастыр рабіў усё, каб жыхары Арс “не жылі толькі для сябе, але для Таго, хто памёр за нас і паўстаў з памерлых”. Ксяндза Яна Віянэя прыспешвала любоў Хрыста: на працягу тыдняў ён працаваў над казаннямі, каб яны былі зразумелыя для яго слухачоў. Часта лежачы крыжам у пустым касцёле, ён маліўся за парафіянаў. Сваімі малітвамі і салідарнасцю з убогімі, пастамі і іншымі формамі пакуты ён прыцягваў не толькі жыхароў Арс, але - і з адлеглых мястэчкаў і вёскаў. Паступова яго касцёл напаўняўся, а вернікі прыязджалі здалёк, каб паспавядацца ў руплівага святара. Падлічваюць, што на працягу 40 гадоў свайго святарства св. Ян Марыя Віянэй выслухаў каля мільёна споведзяў! Вынішчаны хваробамі і аскетызмам гэты выдатны ксёндз памёр 150 гадоў таму: 4 жніўня 1859 г. У 1925 г. ён быў кананізаваны, а падчас году Святарства быў абвешчаны Бэнэдыктам XVI апекуном усіх святароў свету.
    Дарагія! Часам нас цікавіць, што ж робіць ксёндз? Углядваючыся ў постаць цудоўнага заступніка пробашчаў, давайце будзем не забываць пра вялікую працу святарскай службы, чым ёсць штодзённая цэлебрацыя Эўхарыстыі і сакрамэнт Пакаяння і Паяднання. Не забывайце пра гадзіны, а часам і цэлыя дні падрыхтоўкі ксяндза да абвяшчэння Божага слова і да іншых сакрамэнтальных паслугаў. Не забывайце пра навучанне дзяцей і моладзі падчас рэгулярна праводзімай катэхізацыі, пра кіраванне рознымі супольнасцямі, пра наведванне хворых, пра будову і рамонт касцёлаў, пра дабрачынныя справы, а перш за ўсё – пра святарскую малітву ў самотнасці і аб пакуце за сваіх парафіянаў.
    У сёлетні год Святарства “я звяртаюся да ўсіх і прашу вас: маліцеся за вашых святароў. Няхай шчодра Бог дасць ім свае дары, каб як верныя слугі Хрыста яны вялі вас да Яго, бо Ён з’яўляецца крыніцай збаўлення” (з літургіі св. Імшы асвячэння хрызмы і благаслаўлення алею). “Маліцеся таксама за мяне, каб я верна выконваў апостальскую службу, які быў мне, нягоднаму, давераны і каб я быў сярод вас жывым адлюстраваннем Хрыста-Святара, Добрага Пастыра, Настаўніка і слугой усіх” (там жа). Атрымлівайце на працягу году адпусты і ахвяроўвайце іх за жывых і памерлых святароў. Ахвяроўвайце ў іх інтэнцыях свае цярпенні і розныя формы пакутаў падчас Вялікага посту. Я прашу Вас, няхай год Святарства ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі будзе парой, якая схіляе да большай супольнасці і яднання са святарамі, да роздуму над сваёй паставай у адносінах да іх і да малітвы за іх. Акружайце святароў належным ім ушанаваннем. Правільна разумейце і спачувайце іхнім пастырскім абавязкам і цяжкасцям, якія яны сустракаюць на сваім шляху. Падтрымлівайце іхнюю паслугу. Ахвяруйце ім сваё супрацоўніцтва. У кожны першы чацвер месяца маліцеся таксама за новыя і шматлікія прызванні да святарства.
    Я давяраю святароў і вернікаў нашай дыяцэзіі Тракельскай Божай Маці. На плённы перыяд Вялікага посту, на высілкі святарскай паслугі ў гэты час, каб мы ўсе маглі адкрыць свае сэрцы на ўсведамляемую намі любоў Крыжовай Ахвяры Хрыста ад шчырага сэрца ўдзяляю Вам пастырскага благаславення:
    У імя Айца і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.