ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Аб’яднацца цераз малітву

З жыцця Касцёла

Кожны год па ініцыятыве Ватыкана з 18 да 25 студзеня праходзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. У гэтым годзе яго дэвізам былі словы: “І вы – сведкі гэтага”
    (Лк 24, 48)
Галоўны матыў тыдня – місіянерства і адзінства, таму што менавіта місіянеры, абвяшчаючы Божае слова сярод хрысціянаў ва ўсім свеце, былі першымі, якія імкнуліся такім спосабам іх аб’яднаць.
    На працягу васьмі дзён вернікі маліліся за адзінства ў шматлікіх святынях свету, у тым ліку і ў Беларусі. У нашай дыяцэзіі цэнтральным пунктам святкавання тыдня было экуменічнае набажэнства, якое адбылося вечарам 24 студзеня б.г. у катэдральнай базыліцы ў Гродне. У літургіі Божага слова, галоўным цэлебрантам якой быў біскуп Аляксандр Кашкевіч, удзельнічалі прадстаўнікі лютэранскай супольнасці, праваслаўнага і грэка-каталіцкага Касцёлаў. А перад гэтым усе святары прайшлі ў працэсіі да алтара, супольна з вернікамі спяваючы гімн да Святога Духа. Фрагмент Евангелля паводле св. Яна, які згадвае пра адзінства хрысціянаў, быў прачытаны на трох мовах: польскай, стараславянскай і беларускай. У гамілі кожнага з прадстаўнікоў хрысціянскіх супольнасцяў падкрэслівалася, што найлепшым спосабам падтрымкі адзінства хрысціянаў з’яўляецца абвяшчэнне навукі Хрыста, які для ўсіх ёсць адзіны Настаўнік.
Падчас паўсюднай малітвы ўсе прасілі Бога аб ласцы заўважыць дзейнасць Святога Духа ў іншых супольнасцях Касцёла і няспынна імкнуцца да адзінства. Малітва “Ойча наш...” была адгаворана на польскай, беларускай і рускай мовах, што павінна было сведчыць пра тое, што, нягледзячы на прыналежнасць да розных культураў і народаў, кожны хрысціянін верыць у аднаго Бога. Важным пунктам экуменічнага набажэнства быў абрад святла: на знак адзінства і Святла Хрыста перш за ўсё біскуп, святары і прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў, а потым і вернікі запалілі ад пасхала свечкі, што нагадвала пра словы Езуса на Гары да сваіх вучняў, каб яны былі “святлом свету “ (Мц 5, 13 – 14).
    Як зазначыў Бэнэдыкт XVI у гаміліі падчас заканчэння Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў у базыліцы імя св. Паўла за Мурамі ў 2008 г.: “Лодка экуменізму не адчаліла б ніколі ад берага, калі б яе не прывяла ў рух плынь малітвы і подых Святога Духу”. Нягледзячы на тое, што сёлетні Тыдзень малітваў ужо закончыўся, як хрысціяне мы павінны памятаць, што наш святы абавязак – гэта няспынная малітва за гэтае адзінства на працягу ўсяго году.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.