ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Касцёл патрабуе адважных людзей

З жыцця Касцёла

св. Стэфан
У другі дзень святаў Нараджэння Пана Касцёл успамінае постаць першага хрысціянскага мучаніка св. Стэфана. Радасць, якая выплывае з Нараджэння Езуса, прымае як бы іншае адценне. Мы суцішваемся і раздумваем пра мучаніцтва сведка Евангелля. З пачатку існавання хрысціянства такі род смерці разумелі як самую дасканалую форму пераймання Хрыста, ідэал святасці, стойкасці і асаблівай Божай ласкі.
Стэфан з’яўляецца святым – аб гэтым мы ведаем са старонкаў Святога Пісання. У хуткім часе пасля Унебаўшэсця Езуса хрысціяне, якія жадалі жыць паводле Яго навукі, аддавалі свае маёнткі на патрэбы хрысціянскай гміны. Для распараджэння тымі дабротамі і для паслугаў убогім выбралі сем дыяканаў. Гэта былі мужчыны з добрай рэпутацыяй. Сярод іх у ліку першых называюць Стэфана. Гэты чалавек быў блізка Бога і адкрыты на патрэбы іншых. У сваёй дзейнасці ён злучаў дасканала клопат пра ўбогіх, навучанне ў сінагогах з тым, што ён здзяйсняў вялікія справы сярод людзей. Стэфан, падтрыманы Божай моцай, рабіў гэта з вялікім энтузіязмам. Ён расказваў пра гісторыю выбранага народу і любові Бога да свайго люду.
Стэфан адкрыта прызнаваўся перад людзьмі ў сваёй веры ў Езуса Хрыста як Божага Сына і Збавіцеля свету, а аргументацыі ён “чэрпаў” з Божага слова, права і выказванняў прарокаў. Яго слухачы былі бяссільны перад яго мудрасцю. Фарысеі пачалі баяцца, што іхні ўплыў на людзей і дальнейшы лёс іхняга навучання, якое яны абвяшчалі да гэтых пор, зойдзе ў тупік. Фарысеі не мелі супраць яго ніякіх аб’ектыўных аргументаў, таму яны выкарысталі ману. Сінэдрыён асудзіў першага дыякана з-за таго, што ён выступаў супраць права і святыні. Стэфан не спалохаўся. На абвінавачванні ён адказаў доўгай прамовай, спасылаючыся ў ёй на гісторыю Ізраіля. Прыводзячы факты з гісторыі выбранага народу, ён жадаў даказаць, што Бог хацеў заўжды збаўлення свайго люду, цярпеў усе яго непаслухмянасці, даваў абяцанні і пасылаў прарокаў, якіх выбраны народ адкідваў і закідваў каменнямі. Напэўна, св. Стэфан усведамляў вынікі сваёй дзейнасці. Узносячы вочы ў неба, ён заклікаў Божую дапамогу ў цяжкія хвіліны, якія яго чакалі. Першы дыякан быў выкінуты за горад і забіты каменнямі. Падчас сваіх пакутаў ён маліўся за сваіх крыўдзіцеляў і глядзеў на іх вачамі, поўнымі любові і прабачэння.
    Апісанне мучаніцтва св. Стэфана дадзена ў Дзеях Святых Апосталаў і яго словы, выказаныя перад смерцю, з’яўляюцца дасканалым узорам жадання пераймаць муку і смерць Хрыста. Таму невыпадкова першаму хрысціянскаму мучаніку былі нададзены рысы, якія атаясамлівалі яго з Настаўнікам, які паміраў за людзей на крыжы. Ён стаў адважным сведкам складанага і патрабавальнага Евангелля.
    Божы слуга Ян Павел II сказаў пра хрысціянскага першамучаніка так: “Адвага і вернасць, з якой ён устаяў пры Хрысце, з’яўляюцца для нас імпульсам, каб і мы паслядоўна сведчылі пра Евангелле, аналагічна як і ён, поўны Святога Духа, ішоў за Хрыстом і пераймаў Яго сваім жыццём і смерцю. Няхай яго прыклад падтрымлівае асабліва тых, якія і сёння сустракаюцца з балючымі выпрабаваннямі сваёй веры, каб заўжды яны мелі адвагу стаць без ваганняў на бок Хрыста”.
    Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заўважыў: “На прыкладзе св. Стэфана мы бачым першы плён збаўлення, якое прынясло чалавецтву Нараджэнне Хрыста: перамога жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, святла праўды над змрокам хлусні. Мы праслаўляем Пана, таму што гэтая перамога дазваляе таксама і сёння шматлікім хрысціянам адказваць не злом на зло, але магутнасцю праўды і любові”.
    У іконаграфіі св. Стэфана прадстаўляюць часцей за ўсё тады, калі яго забіваюць каменнямі. На іншых абразах яго малююць як маладога дыякана, а яго атрыбуты – гэта пальмавая галінка, Евангелле і каменні.
    Апісанне мучаніцкай смерці св. Стэфана садзейнічала таму, што ён стаў заступнікам мастакоў, якія выконваюць свае шэдэўры з каменняў. У краінах паўночна-заходняй Еўропы св. Стэфана ўшаноўвалі як заступніка коней, адсюль паходзіць звычай: асвячэння аўса на другі дзень святаў Божага Нараджэння. Да яго моляцца таксама, калі баліць галава, пры коліках, пры каменнях у розных органах, пры шаленстве, а таксама ўспамінаюць у малітвах за добрую смерць.
    У XXI ст., як і на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства, Касцёл патрабаваў адважных людзей і з глыбокай верай, якія як і св. Стэфан будуць сведчыць аб Евангеллі. Ад нас не патрабуецца, напэўна, пацвердзіць сваю веру крывёй, аднак, сучасны хрысціянін павінен быць падрыхтаваны на ўсякага роду насмешкі і непаразуменні. Сапраўднае сведчанне сваім жыццём аб хрысціянскай веры, спалучанае з добрымі ўчынкамі, гэта адзіны шлях сапраўднага вучня Хрыста.
    Прыклад св. Стэфана гаворыць нам пра многае. Ён вучыць нас таму, што мы павінны жыць у праўдзе, любові і справядлівасці. Кожны з нас павінен смела і мужна супраціўляцца злу, насіллю і фальшы. З цягам часу гэтыя заданні застаюцца нязменнымі. Праўда, заключаная ў Евангеллі, застаецца таксама такой жа самай. Толькі ад нас залежыць, ці мы захочам навучанне Хрыста рэалізаваць у сваім жыцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.