ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Чалавек шукае праўды

З жыцця Касцёла

Кс. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч    Ад нашай апошняй сустрэчы прайшло ўжо шмат часу, таму хацелася б падчас гэтай размовы закрануць некалькі тэмаў. Пасля вяртання з Масквы Вы знаходзіцеся ў Беларусі на працягу некалькі гадоў. Як Вы мяркуеце, сёння які ёсць каталіцкі Касцёл у Беларусі?
    Безумоўна, гэта ўжо не той Касцёл, які я пакінуў у 1991 годзе. Цяпер у ім ёсць свае дыяцэзіі, дзве семінарыі, выдавецтвы, ёсць значна больш касцёлаў і ксяндзоў, кансэкраваных асобаў, моладзь, якая шукае ўвесь час праўды – усё гэта мяне вельмі радуе.

    Якія стаяць перад Касцёлам Беларусі заданні?
    Нягледзячы на гэтую радасць, у нас ёсць шмат заданняў да выканання. Таму гэты Касцёл, які з аднаго боку, можна сказаць, становіцца на ногі, або можна нават сказаць, добра стаіць на нагах, змагаецца з новымі праблемамі. Гэта перш за ўсё недастатковая колькасць касцёлаў у вялікіх гарадах, між іншым у Гродне і Мінску, хоць гэта ж датычыць і іншых гарадоў. Да таго ж - яшчэ недастатковая колькасць ксяндзоў і тут, хутчэй за ўсё, з’явіцца праблема пакліканняў, бо дзве семінарыі маглі б мець не 80-90 семінарыстаў, а 150 і больш.
Праблема ўдзелу свецкіх, бо ёсць такія справы, якія духоўныя асобы павінны рабіць за іх. Прыходзіць да мяне адзін чалавек і пытае, калі ў пэўным раёне Мінска будзе пабудаваны касцёл. Я, безумоўна, магу атрымаць дазвол на будаўніцтва новага касцёла і стараюся гэта зрабіць, але і задумваюся: а хто будаваў касцёлы, якія ўжо існуюць? Хто іх адбудоўваў? Людзі. Трэба памятаць, што святыня ўзводзіцца не для біскупа, не для ксяндза, а толькі для людзей. І менавіта яны павінны больш звяртаць на гэта ўвагу. Гэта ж – ахвяра. Можна ўбачыць ці то ля Мінска, ці ля Гродна - пабудаваны вялікія дамы багатых людзей, а сярод іх ёсць шмат католікаў. Яны знойдуць для сябе грошы, каб пабудаваць дом, а Касцёл нічога для іх не значыць. Так мы не вырушым з месца і цэлы час будзем гаварыць, што касцёлаў у нас - мала, што трэба да іх далёка дабірацца і што няма каму выхоўваць дзяцей па-каталіцку - і гэта будзе такая ананімная вера і такія ананімныя католікі. І тут я хацеў бы звярнуцца да вернікаў, каб яны памяталі пра гэта. Нездарма ж ў Касцёле была ўстаноўлена дзесяціна. Ніхто не хоча, каб сёння 10% заробку аддавалі касцёлу, але трэба адчуць адказнасць. Часам прыходзяць людзі і пытаюць, чаму Касцёл не абвяшчае пра гэтую дзесяціну, бо інакш не вырашым праблему будаўніцтва касцёлаў. Сёння ўсе гэтыя фінансавыя, эканамічныя крызісы ў свеце не могуць даваць гарантыі, што хто-небудзь будзе нам дапамагаць. Апрача таго людзі з Захаду не пытаюць, колькі часу яны павінны нам дапамагаць. Трэба станавіцца ўжо на ўласныя ногі. Прайшло ж ужо 20 гадоў, як нам дапамагаюць.

    Ваша Эксцэленцыя, што можа яшчэ зрабіць свецкі чалавек для Касцёла?
    Перш за ўсё ён павінен быць адказны за евангелізацыю, за катэхізацыю ў Касцёле. Бо людзі думаюць, што ўсё зробіць ксёндз, а як ёсць сястра з якога-небудзь манаскага ордэна – то яна. Трэба памятаць, што і свецкія павінны ўключыцца ў гэтую справу. Духоўныя асобы ўсё не зробяць. Нездарма ж Божы слуга Ян Павел II гаворыць пра новую евангелізацыю, у якую павінны быць уключаны ўсе людзі. Чалавек працуе, цешыцца, вучыцца, знаходзіцца канкрэтна ў якім-небудзь месцы: нават сваім добрым прыкладам у гэтым месцы ён можа кагосьці навучыць ці павучыць. Я памятаю пра Сусветны дзень моладзі ў Кёльне. Гэта быў 2001 г. і я працаваў тады яшчэ ў Расіі. Моладзь жыла ў Кёльне ў розных сем’ях: каталіцкіх, пратэстанцкіх. У гэтых сем’ях заўжды маладыя людзі снедалі. І калі яны хрысцілі сябе перад і пасля снедання, то немцы глядзелі на іх “вялікімі вачамі”. А пазней гаспадары дзякавалі сваім гасцям за тое, што яны нагадалі ім аб малітве перад ядой. Гэта – таксама евангелізацыя. Вельмі простая і невялікая справа. Але ці бацькі думаюць пра тое, каб дзеці бачылі іх, як яны моляцца? Часцей за ўсё бацька прыйшоў з працы змучаны – і ўключае тэлевізар, а яшчэ ў дадатак: часам п’е віно ці піва, а дзецьмі не займаецца. Тлумачаць, што цяпер – свабода і няхай Касцёл гэтым займаецца. А Касцёл і займаецца выхаваннем дзяцей, але трэба разам ўсё гэта рабіць.

    Ці сённяшнія касцёлы - перапоўненыя?
    Мы заўважаем, што сёння ёсць вельмі многа людзей у касцёлах. На самай справе – так, але гэтых касцёлаў ёсць мала і можа таму ў іх так шмат людзей. А калі вернікаў у святынях - многа, то трэба радавацца, але гэта - нязначны працэнт з ліку тых, якія павінны чуць Божае слова. А сёння людзі, а асабліва моладзь, выхоўваюцца сродкамі масавай інфармацыі: тэлебачаннем, інтэрнэтам. Маладыя людзі ходзяць з аўдыё-плэерамі і слухаюць, але што яны слухаюць? Дзякуй Богу, што трансліруецца кожную нядзелю св. Імшы па радыё – і гэта вельмі важна. А тое, што людзі іх слухаюць, пра гэта мы ведаем. Калі змянілі час радыёперадачаў, то вернікі званілі і пыталі, чаму няма св. Імшы, а адна бабуля проста забылася, што трэба перавесці стрэлкі на гадзінніку – таму людзі слухаюць св. Імшу па радыё. І трэба яшчэ больш выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі.

    Якая роля сродкаў масавай інфармацыі ў справе абвяшчэння Нябеснага Валадарства?
    Мы павінны шырэй супрацоўнічаць з прэсай, бо як у нас ёсць вялікія ўрачыстасці, то нават як гэта будзе трансліравацца па тэлебачанню ці перадавацца па радыё, то гэта ўжо добра. Няверуючы чалавек, чуючы гэта, задумаецца і гэта таксама зможа дапамагчы евангелізацыі. Інфармацыю пра рэлігійнае жыццё перадаюць усім. Але трэба яшчэ вельмі шмат чаго зрабіць. Дзякуй Богу, што прэса зычліва адносіцца да нас і хоча з намі быць у кантакце. Я хачу сказаць, што сярод тых аплаткавых сустрэчаў, якія арганізоўваюцца ў Мінску, ёсць сустрэча з журналістамі. Пазней яны дзякуюць, што біскуп знаходзіцца недалёка, што да яго можна падысці, падаць руку, паразмаўляць, што можна выпіць разам гарбаты, падзяліцца аплаткай, пажадаць усяго найлепшага. Першы раз, калі адбылася сустрэча з журналістамі, адна журналістка так была ўсім гэтым уражана і шчаслівая, што аставіла свой магнітафон, а назаўтра прыходзіла ў курыю і шукала яго.

    Ваша Эксцэленцыя, Вы сустракаецеся часта з моладдзю. Які сёння – малады чалавек?
    Некалькі дзён таму назад да мяне прыйшла моладзь з добрай прапановай. Я гавару ім заўжды: прыходзьце да мяне з добрымі прапановамі. Таму яны прыйшлі з просьбай, каб паўстала так званае “адкрытае месца для дыскусіі”, дзе можна было б сустрэцца, узняць хвалюючыя тэмы і каб прысутнічаў там ксёндз.. У Маскве быў у нас хрысціянскі цэнтр “Покровские ворота”, бо часам у касцёл некаторыя баяцца прыйсці. У гэтым цэнтры адбываліся прэзентацыі кнігаў, мы запрашалі артыстаў, праходзілі дыскусіі на тэмы, якія цікавілі моладзь - ажыццяўлялася ўсё тое, што можа дапамагчы людзям. Я думаю, што надышоў час арганізаваць які-небудзь клуб хрысціянскай інтэлігенцыі, даць людзям гэтае месца, дзе яны змогуць выгаварыцца, сустрэцца і там, безумоўна, павінен быць ксёндз.. Мяне радуе тое, што гэтага хоча нашая моладзь, бо менавіта да мяне яна звярталася з некалькімі просьбамі. Мяне цешыць таксама тое, што ў пілігрымках і падчас дзён моладзі прысутнічае шмат маладых людзей. Яны ідуць, моляцца на сонцы, пад дажджом і пакутуюць, бо ў іх на нагах – мазалі...
    Але мяне суцяшае і штосьці іншае: з пачатку гэтага году я атрымаў ад Акадэміі Кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прапанову напісаць у квартальны часопіс артыкул пра сацыяльную навуку Касцёла і гэты артыкул надрукавалі! Потым у маі мне паведамілі, што яны хочуць сустрэцца, таму ў Чырвоны касцёл прыйшло шмат студэнтаў і прафесараў, а цяпер некалькі тыдняў таму назад мяне запрасілі ва універсітэт, каб я прачытаў даклад і цяпер я задумваюся, што я павінен сказаць гэтым маладым людзям. А тое, што яны хочуць такіх сустрэчаў, бачна і сведчыць пра тое, што тыя вартасці, якія прапануе свет, і якія на самай справе з’яўляюцца антывартасцямі, для іх - недастатковы. У Акадэміі Кіравання пры Прэзідэнце вучацца тыя, хто будзе праз некалькі гадоў кіраваць дзяржавай і яны жадаюць такіх сустрэчаў і гэтага патрабуюць. Аднойчы я быў запрошаны дзяржаўным універсітэтам на факультэт права, дзе прыйшлі паслухаць мой даклад і вучоныя, што сведчыць пра тое, што яны хочуць мець такія кантакты. З аднаго боку, гэты сённяшні свет – вельмі секулярызаваны, жадае толькі забаваў, багацця ці як гаварылі рымляне, “хлеба і відовішчаў”, але адначасова ёсць штосьці ў гэтым чалавеку, калі ён шукае Божай праўды і хоча яе паслухаць. І тут Касцёл павінен заняць сваю станоўчую пазіцыю і не баяцца сказаць праўды. Напэўна, будуць складаныя пытанні, напэўна, мы не на ўсе пытанні дадзім адказы адразу. Не ўмее ксёндз ці біскуп адказаць, папрасіць прабачэння, папрасіць у гэтага чалавека e-mаil, падрыхтавацца і выслаць яму ўсю інфармацыю, якая датычыць хвалюючага пытання, але не трэба баяцца, бо тады ствараецца дыстанцыя паміж людзьмі і духавенствам. Тады мы адмяжоўваемся ад людзей і яны застаюцца разгубленыя.

    Што можа яшчэ Касцёл выкарыстоўваць у XXI стагоддзі, каб абвяшчаць навуку Хрыста?
    Напэўна, можна яшчэ выкарыстоўваць такі моцны інструмент, як дабрачынная дапамога. Гэта вельмі моцна падкрэсліў Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы, гаворачы пра тое, што дабрачынная праца належыць да прыроды Касцёла і мы павінны дапамагчы тым людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе. Цераз такую працу мы нясём Хрыста, Евангелле. Я памятаю, што пасля балканскай вайны на адной з канферэнцый выступіў біскуп з Белграду. Вядома, тады мноства людзей загінула, многія засталіся без даху над галавой. Каталіцкі Касцёл браў да сябе, нават у касцёлы гэтых людзей, сярод якіх былі таксама і мусульмане. І менавіта гэтыя простыя мусульмане, перакананыя, што калі людзі з Захаду ці хрысціяне бамбардавалі іх і забівалі, то гэтаму вінен Хрыстус, падышлі да біскупа, гаворачы пра гэта і паказваючы на крыж. А біскуп тады задаў ім такія пытанні: “А хто вас прыняў?”, “Хто вас накарміў?”, “Хто вас сюды праводзіў?”. І тады змяніўся падыход гэтых людзей. Ніхто іх не навяртаў на хрысціянскую веру, але мы павінны будаваць мір на гэтым свеце, гармонію.

    Як Вы акрэсліваеце міжканфесійныя адносіны ў Беларусі?
    У нас склаліся добрыя міжканфесійныя адносіны. Ёсць нават шмат супольных праграмаў, дзе прымаюць удзел розныя канфесіі, між іншым, супраць ВІЧ, існуе рада па справах маральнасці ў сродках масавай інфармацыі. І гэта працуе, бо я атрымаў ад гэтай рады прапанову падаць праблемы, якія мы хацелі б закрануць на супольнай сустрэчы. Добрыя адносіны дапамагаюць, бо людзі хочуць нас бачыць разам і таму трэба гэта выкарыстоўваць. Напэўна, у кожнага ёсць свой погляд на жыццё і трэба гэтаму прызнаць рацыю. Як хто-небудзь з’яўляецца членам іншага Касцёла, то ён абараняе сваю веру, свае інтарэсы. Але трэба таксама навучыцца слухаць іншага чалавека, а не адразу выказваць сваё меркаванне, бо першынство веры – толькі ў Бога, а мы – звыклыя людзі. Нядаўна адбылася канферэнцыя, прысвечаная развіццю хрысіянска-юдаістычнага дыялогу. У ёй прынялі ўдзел два кардыналы, адзін – з рымскай курыі. Мяне таксама запрасілі прачытаць даклад. На гэтай канферэнцыі былі шматлікія прадстаўнікі з каталіцкага і праваслаўнага Касцёлаў, прыехаў галоўны рабін Ізраіля. І гэта з’яўляецца пацвярджэннем таго, што людзі розных поглядаў шукаюць якія-небудзь супольныя тэмы і сумежныя пункты. Сёння свет чакае нашага сведчанне аб веры. Трэба не сварыцца, а размаўляць, шукаць пагаднення. Кожны застаецца на сваёй пазіцыі, але мы ведаем з навукі II Ватыканскага Сабору, што ў кожнай рэлігіі, нават не хрысціянскай, мы можам знайсці шмат добрых элементаў. Далёка не трэба хадзіць: ці сёння кожны з нас перахрысціцца перад тым, як пачаць есці, ці прывітае адзін аднаго словамі: “Пахвалёны Езус Хрыстус!”? Гэта часцей за ўсё пайшло ў нябыт. А мусульманін, як толькі прыйшла адпаведная гадзіна, раскладае дыванік і моліцца ў бок Меккі. Мы можам па-рознаму думаць, але ён выконвае свой абавязак, бо ён – веруючы і з’яўляецца прыкладам для многіх іншых. Я думаю, што гэтыя справы знаходзяцца ў працэсе развіцця, але мы павінны яшчэ больш іх развіваць, каб наш Касцёл умацоўваўся яшчэ больш.

    Дзякую Вам за размову.

    Працяг размовы з арцыбіскупам, у якой будуць дадзены адказы на пытанні пра прыезд у Беларусь Папы і аб тэмах размовы мітрапаліта з Папам у Рыме мы надрукуем у наступным нумары.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.