VI Велікодная нядзеля

 |  А. Андрэй Крот  |  Разважанні з Божым Словам
biblia

22 мая – каментарый да першага чытання
(Дз 15, 1–2. 22–29)

Царква і сінадальнасць
   Царква – гэта супольнасць, якая ўвесь час вучыцца. У чытанні з Дзеяў апосталаў мы чуем, як Царква вучыцца вырашаць крызісы. Крызіс узнік з-за таго, што некаторыя хрысціяне, што паходзілі з юдэяў, пачынаюць вучыць былых язычнікаў пра неабходнасць выканання ўсяго закону Майсея. “Калі распачалася немалая спрэчка і змаганне Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшых у Іерусалім. Тады Апосталы і старэйшыны разам з усёй Царквой, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу – мужоў, якія былі першымі сярод братоў, вырашылі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабаю” (Дз 15, 2. 22).
   У вырашэнні крызісу прымаюць удзел Апосталы, старэйшыны і ўся супольнасць вучняў Хрыста. Сёння называем такі шлях сінадальным, і да яго вяртаецца Каталіцкая Царква. Напрыклад, калі ў межах падрыхтоўкі да Сінода біскупаў 2023 года праходзіў дыяцэзіяльны этап, кожны жадаючы мог прыняць у ім удзел, запоўніўшы спецыяльную анкету. Мы ўсе – вернікі, святары ды біскупы – адказныя за лёс Царквы.
    У Царкве візантыйскай традыцыі сінадальнасць спрадвеку займала вельмі важнае месца. Нездарма першыя сусветныя саборы адбываліся на хрысціянскім Усходзе. У сярэднявечным Канстанцінопалі тэалагічныя пытанні абмяркоўваліся не толькі вучонымі-багасловамі ў акадэмічных залах, але і звычайнымі гараджанамі на плошчах і рынках.
    На жаль, часам гэтая сінадальнасць набывала хваравітыя формы, калі большасць прымала ерэтычную дактрыну і натоўп выганяў з храмаў тых святароў ці біскупаў, якія абвяшчалі праўдзівую навуку. Таму так важна трыванне ў навуцы Апосталаў ды суладдзі (па-грэчаску – сінэргія) паміж свецкімі ды духавенствам.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top