Вярэйкі. Касцёл і яго будаўнікі

 |  Андрэй Вашкевіч  |  Парафіі і святыні
wierejki
Гісторыя Вярэйкаў не такая даўняя, як у большасці населеных пунктаў Гродзеншчыны. Яшчэ ў 1796 годзе гэта была вёска Рэплеўскай парафіі, якая складалася ўсяго з трынаццаці двароў. Аднак Вярэйкі пачалі імкліва расці і багацець, дзякуючы гаспадарлівасці роду Біспінгаў, выхадцаў з Вестфаліі. Біспінгі пераехалі ў Вялікае княства Літоўскае, каб схавацца ад рэлігійнага пераследу, і доўга служылі каралям і вялікім князям на дзяржаўных і вайсковых пасадах. Так склалася, што найбагацейшыя ва- лоданні на Гродзеншчыне Біспінгі сабралі ўжо пад канец існавання Рэчы Паспалітай. Дзве дачкі Юзафа Біспінга – Юзэфа і Аляксандра – на дваіх аказаліся ўласніцамі не толькі Вярэйкаў, але і Галоўчыцаў, Кузьмічаў, Дзявяткаўцаў, Струбніцы, Верцялішкаў і многіх іншых вёсак і маёнткаў.
Кажуць, што іх маці Тэадора Біспінг была жанчынай хаця і гаспадарлівай, аднак вельмі любіла гуляць у карты. Аднойчы яна прайгралася царскаму палкоўніку Аляксандру Міхайлавічу Светчыну і, спадзяваючыся, што той даруе доўг, пагадзілася выдаць за яго замуж сваю дачку Аляксандру. Так пачалася гісторыя доўгага сямейнага жыцця каталічкі і праваслаўнага, у выніку якой з’явіўся касцёл у Вярэйках.
    У пачатку ХІХ стагоддзя ў вёсцы ўжо была капліца, дзе праводзіліся службы і хавалі прадстаўнікоў роду Біспінгаў, аднак Аляксандра Светчына пачала рабіць высілкі для пабудовы касцёла. Фінансавы стан дазваляў ёй гэта зрабіць, паколькі маладая сям’я разводзіла коней, прадавала шмат збожжа ў Каралявец, нядрэнна жылі і іх сяляне. Таму СветчыныБіспінгі ўзялі на сябе абавязак пабудаваць касцёл у Вярэйках і праваслаўную царкву ў Кузьмічах.
    У 1826 годзе быў зацверджаны складзены ў СанктПецярбургу неакласіцыстычны праект новага касцёла, які павінен быў размясціцца на ўзгорку пасярод вёскі, там, дзе стаяла старая капліца. Будаўніцтва касцёла цягнулася доўга. У 1838 годзе памёр Аляксандр Светчын, каханая жонка пахавала яго ў спецыяльна збудаванай капліцы на могілках. У чэрвені 1840 года касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі быў асвечаны. Святыню пабудавалі ў кантэксце тагачаснай архітэктурнай моды – з трохкутным франтонам, ганкам з калонамі дарычнага ордэра, паўкруглымі скляпеннямі, гіпсавымі скульптурамі святых. Каля касцёла знаходзіліся дзве капліцы са званамі, на адной з якіх змясцілі гадзіннік.
    Аляксандра СветчынаБіспінг памерла ў 1853 годзе, а ўсе яе валоданні, як і валоданні яе сястры Юзэфы, перайшлі да іх сваяка Аляксандра Біспінга. Той, праўда, нядоўга радаваўся багаццю, паколькі па падазрэнні ў дапамозе паўстанцам 1863 года быў высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам у 1867 годзе. Маёнтак перайшоў іншым прадстаўнікам шматлікага роду Біспінгаў, якія валодалі ім да 1939 года.
    На наступны год касцёл быў пераасвечаны ў праваслаўную царкву. Цікава, што хаця запавет Аляксандры Светчынай выдаваць штогод па 600 рублёў міласціны жабракам далей выконваўся і праваслаўнымі святарамі, аднак яе труну перавезлі ў склеп касцёла ў Вялікіх Эйсмантах.
    Святыні прыдалі праваслаўны выгляд, разабраўшы порцік і прыбудаваўшы спераду званіцу.
    Будынак вярнулі Касцёлу толькі ў 1920-ых гадах. Тады яму вярнулі першапачатковы выгляд і інтэнсіўна рамантавалі, аздаблялі і забяспечвалі ўсім неабходным. Парафіяне жылі адной сям’ёй, дружна працавалі на карысць святыні. Як і большасць хрысціянскіх храмаў на нашай зямлі, у пачатку 1950-ых гадоў касцёл у Вярэйках быў зачынены. Вернікам патлумачылі, што яны могуць наведваць суседнія касцёлы, якія таксама неўзабаве зачынілі. У 1990 годзе касцёл быў вернуты католікам, хаця для гэтага прыйшлося сабраць спецыяльную камісію, якая мусіла даследаваць пытанне, каму будынак належаў ад самага пачатку. Цяпер касцёл у Вярэйках радуе вока кожнага, хто праязджае па гэтых мясцінах.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top