Падрыхтоўка да свят Божага Нараджэння

Літургія - Хрысціянскія традыцыі

У некаторых сем’ях існуе звычай пісаць адзін аднаму запіскі, у якіх як бацькі, так і дзеці выражаюць свае пачуцці: нечым дзеляцца, распавядаюць, жартуюць. У кароценькіх лістах таксама занатоўваюцца віншаванні з нагоды надыходзячых свят. Іх хаваюць пад талеркі падчас трапезы або ўвечары пад падушкі. Дарэчы, гэтым звычаем карыстаўся ў свой час і св. Ян Боско.
Трывае Адвэнт – час чакання Нараджэння Хрыстова. Ён дазваляе хрысціянскім сем’ям перажыць некаторыя глыбокія значэнні: чаканне, дабрачыннасць, радасць, блізкасць. Калі сэнс гэтых паняццяў “увасабляецца” ў сям’і падчас адвэнтавай падрыхтоўкі, то і само свята перажываецца асаблівым чынам.
    Вельмі важна, каб у сем’ях бацькі рыхтаваліся да светлага свята Нараджэння Хрыста разам з дзецьмі. Дарослыя часта незаўважна для сябе “закопваюцца” ў перадсвяточных клопатах (трэба ўпрыгожыць дом, выбраць падарункі, прыгатаваць стравы), але забываюцца пра найважнейшае – духоўнае вымярэнне надыходзячай урачыстасці. Каб такога не адбылося, варта “раздзяліць” падрыхтоўку да вялікага свята разам з дзецьмі, якім неабходна ў чарговы раз прыгадаць гісторыю нараджэння Езуса Хрыста.
Гэта, несумненна, будзе карысным таксама і для дарослага чалавека.
    Трэба адзначыць, што дзеці інстынктыўна адчуваюць глыбокі сэнс свят, асабліва Раства. І калі маці і бацька ў асаблівым духу рыхтуюцца да святкавання таямніцы Божага Нараджэння, то і дзеці без цяжкасцей прымаюць, што Езус сапраўды “прыходзіць” у іх сем’і.
    Галоўнае, каб сямейная падрыхтоўка была адаптаваная згодна з узростам, навыкамі і магчымасцямі дзіцяці. Як можна падкрэсліць значнасць надыходзячага Раства?
   
    Парады для бацькоў на Адвэнт:
    – арганізуйце ў доме супольную малітву;
    – змайструйце разам адвэнтавы вянок;
    – зрабіце батлейку або іншы выраб на калядную тэму;
    – малюйце і размалёўвайце альбомы з сюжэтамі Божага Нараджэння;
    – упрыгожце разам святочную елку;
    – раскажыце дзецям, што падарункі на Раство прыносяць Анёлы;
    – прыміце сумесны ўдзел у дабрачынных акцыях і справах, якія арганізуюцца пры касцёлах, розных таварыствах, у школах і дзіцячых садках;
    – вывучце разам на памяць верш са Святога Пісання;
    – навучыцеся спяваць калядкі і пастаралкі;
    – пачытайце дзецям Біблію пра цуд нараджэння Сына Божага, а таксама іншыя гісторыі з Яго жыцця;
    – падумайце аб духоўных дарах, якія можаце ахвяраваць для Езуса Хрыста.
   

    Памятайце, такія моманты збліжаюць: святочныя рытуалы аб’ядноўваюць сям’ю. Паміж Вамі і дзецьмі ўзмацняецца эмацыянальная сувязь. Гэта спрыяе падтрыманню добрага клімату ва ўзаемаадносінах, што востра неабходна для ўстанаўлення даверу і адкрытасці паміж усімі членамі сям’і.