Таямнічы час

Хрысціянскія традыцыі

Што для Цябе, для мяне азначае Адвэнт? Ці гэта час, калі проста прыходзім у касцёл, удзельнічаем у літургіі, слухаем святара, і на гэтым усё заканчваецца, ці нешта ўсё ж такі іншае?
Для кожнага чалавека Адвэнт значыць штосьці сваё. Некаторыя ўспрымаюць гэты перыяд як нешта фармальнае, што адбываецца ў жыцці многіх, але мае нейкі другасны, не самы важны сэнс. Як правіла, такія людзі падчас Адвэнту старанна рыхтуюцца да надыходзячага свята: параўноўваюць кошты і якасць прадуктаў у супермаркетах, каб можна было багата накрыць на стол, прыгатаваць розныя арыгінальныя стравы; паралельна з гэтым набываюць падарункі родным і сябрам; вычышчаюць кожны куток у доме, каб госці бачылі, як усё прыгожа і ладна; купляюць вялікія елкі, навешваюць на іх шмат цацак і агеньчыкаў, каб здалёк было відаць, што ў гэтым доме пануе атмасфера зімовых свят. Але калі спытаць такіх людзей, як яны разумеюць непасрэдна сам Адвэнт, на жаль, пераважная большасць не зможа даць аніякага адказу.
Ці задумваемся мы хоць на хвілінку, што на самой справе азначае гэты перыяд? Не ва ўсім свеце, не для нашых сяброў ці калег, а менавіта для нас? Для кожнага з нас? Ці задумваемся аб тым, што гэта той самы час, калі патрэбна рыхтаваць не толькі свае дамы, але і свае душы на прыйсце Збаўцы? Пры гэтым варта ўсведамляць, што галоўным домам, у які вось-вось завітае Хрыстос, з’яўляецца наша душа. Ці можна яе чысціню параўнаць з беллю абруса на святочным стале? Ці адкрытасць на прыняцце падзей Божага Нараджэння падобна да адчыненых дзвярэй? Часам людзі настолькі ўцягваюцца ў працэс прыгатавання святочных страў, што ім папросту не стае часу, нават каб наведаць касцёл. Але трэба разумець, што галоўны пачастунак у гэты дзень – запрасіць у сваю душу народжанага Езуса.
    Прысмакі на стале бываюць нярэдка. Падарункі дорым з розных нагод. Але падчас Божага Нараджэння сям’я збіраецца, каб адзначыць разам адно з галоўных свят на працягу літургічнага года. Свята, поўнае шчырых усмешак, супакою і цяпла.
    Бо што значыць любое хрысціянскае свята, калі яно выключна фармальнае, калі ў асяроддзі не пануе атмасфера дабрыні і прабачэння, калі не можам у поўнай меры прыняць, наколькі вялікая падзея набліжаецца?
    Мы часта турбуемся аб матэрыяльным, а павінны – аб духоўным. Не аб надзённым, але аб вечным. Давайце паклапоцімся аб тым, каб падчас свят Божага Нараджэння наша сям’я спажыла найважнейшую страву – тую сімвалічную, што набліжаецца ў постаці аплаткі, ламанне якой азначае прабачэнне адзін аднаму і прыняцце ўсіх такімі, якімі стварыў Бог.
    Калі мы нарадзіліся, сям’я акружыла нас любоўю і з радасцю прыняла. А сям’ёй народжанага Езуса з’яўляемся ўсе мы. І калі Ён прыйдзе ў гэты раз, давайце наведаем Збаўцу і пакажам, што Ён вельмі значны, доўгачаканы і такі любімы. А Хрыстос ужо спяшаецца нам насустрач, каб парадаваць сваім прыходам, абвясціць перамогу жыцця над смерцю.