Стваральнік унікальнай калекцыі “Біблія ў філатэліі”

Хрысціянскія традыцыі

Паважаныя Чытачы, у мінулым нумары мы пазнаёмілі Вас з марыйнымі абразамі на паштовых марках. Гэтая калекцыя належыць філатэлісту Лявону Карповічу з мястэчка Лунна. Ён збірае маркі на біблейскую тэматыку, праз сваё захапленне папулярызуючы сярод людзей важныя ісціны Святой Кнігі.
Праца філатэліста мабілізуе да пошуку
    Большую частку свайго жыцця Лявон Карповіч адпрацаваў настаўнікам. Калекцыяніраваць паштовыя маркі пачаў у 1990-я гг. “Раней філатэлія была масавым захапленнем. Многія школьнікі збіралі маркі, некаторыя з іх пасля прысвячалі калекцыяніраванню ўсё сваё жыццё. Я ж прыйшоў у філатэлію вельмі позна, і тое дзякуючы сваім сябрам, – распавядае спадар Лявон. – Збіраць маркі з усяго свету было б бессэнсоўным заняткам. Уявіце, колькі іх! Гэта як ахапіць неахопнае. Таму шукаў адмысловую тэму. На самым пачатку гэта была «Белавежская пушча», пасля – калекцыя марак па гісторыі Беларусі”.
    Але тут у спадара Лявона былі “канкурэнты”, таму, каб не паўтарацца, ён пачаў шукаць сапраўды рэдкую тэму, нешта “сваё”. Так нарадзілася ідэя сабраць і апісаць паштовыя маркі, якія ілюструюць біблейскія сюжэты. “Святое Пісанне з’яўляецца адной з найважнейшых кніг у гісторыі свету, прычым не толькі ў духоўным плане, але і ў літаратурным, гістарычным, сацыяльным. Для многіх людзей гэта свайго роду жыццёвая інструкцыя, крыніца мудрасці, якая вучыць любіць і дараваць”, – падкрэслівае філатэліст.

    Ад ідэі да ўвасаблення
    Спадар Лявон выказвае думку, што мы жывём у свеце, які ў значнай ступені стаў упарадкаваны праз біблійную культуру, і прыводзіць наступны прыклад: “Самая знакамітая карціна Рафаэля – «Сіксцінская Мадонна». У ёй мастак перадаў таямніцу матчынай прыгажосці. Але не ў гэтым невычэрпнае жыццё твора. Мадонна так зачароўвае, таму што на карціне адлюстравана Яе душа. У гэтым малюнку сёе-тое недаступна свядомасці чалавека.
    Аб карціне напісаны тамы прац, яе рэпрадукцыю змяшчалі на сваіх марках пошты розных краін”.
   
Нават той, хто ніколі не чытаў Біблію, можа скласці пэўнае ўяўленне пра падзеі, апісаныя ў Кнізе Кніг, праглядзеўшы матэрыял, сабраны філатэлістам.

   Лявон Карповіч распавядае пра маркі, прысвечаныя нараджэнню Збаўцы Сярод экспанатаў у калекцыі спадара Лявона ёсць маркі, якія ілюструюць пакаранне агнём гарадоў Садома і Гаморы, прыпавесці пра марнатраўнага сына, працаўнікоў вінаградніка, заблукалую авечку. Ёсць таксама маркі, што распавядаюць пра нараджэнне Маці Божай, заручыны Марыі і Дабравесце, Апошнюю вячэру і Крыжовы шлях Езуса Хрыста. У калекцыі нават прысутнічае першая марка, прысвечаная нараджэнню Хрыста, якая выдадзена поштай Канады.
    Філатэліст распавядае, што жывучы ў вёсцы цяжка збіраць філатэлістычны матэрыял. Па яго словах, набываў маркі, калі ехаў за мяжу. Дапамагалі сябры з Польшчы і Ізраіля. Нешта ўдавалася знайсці ў гродзенскім філатэлістычным клубе. Частка марак набывалася ў мінскай спецыялізаванай краме. “Зараз маркі можна свабодна купіць праз інтэрнэт, толькі б грошы былі, – гаворыць з усмешкай спадар Лявон. – Калі я пачынаў збіраць сваю калекцыю, такой магчымасці, на вялікі жаль, не было”.
   
    Біблейская калекцыя – шлях да спазнання вечных ісцін
 Канверт з маркай, дзе адлюстравана мапа свету з надпісам CHRISTMAS   Калекцыя Лявона Карповіча “Біблія ў філатэліі” скаладаецца з 80-ці аркушаў, на якіх змешчана каля 600 марак, выпушчаных у розных краінах свету. Яны ілюструюць падзеі Старога і Новага Запавету. Кожная марка суправаджаецца аўтарскім апісаннем на беларускай мове. “Давялося прыкласці шмат намаганняў і грунтоўна папрацаваць, каб стварыць гэтую калекцыю. Спачатку трэба было пазнаёміцца з самімі падзеямі, апісанымі ў Бібліі, а пасля распазнаць матывы ў творах знакамітых мастакоў, адлюстраваных на паштовых марках”, – гаворыць спадар Лявон.
   
Мара Лявона Карповіча – выдаць “Біблейскія гісторыі, ілюстраваныя паштовымі маркамі”. Аўтар ужо мае артыкулы на гэтую тэму і шукае фундатара для сваёй кнігі.

    Як падкрэслівае філатэліст, падчас стварэння калекцыі на біблейскую тэматыку ён не толькі шырэй пазнаёміўся са Старым і Новым Запаветам, здабыў новыя веды пра Бога і ўзмацніў сваю веру: “Калі збіраў маркі і іншыя матэрыялы, сутыкаўся з сусветна вядомымі творамі мастацтва. І гэтая сустрэча з прыгажосцю, з вышэйшымі памкненнямі чалавечай думкі і таленту ўзбагаціла мой унутраны свет”.
    Спадар Лявон убачыў, наколькі цікавымі і павучальнымі з’яўляюцца біблейскія гісторыі. Дзякуючы ім адкрыў для сябе новыя шляхі пазнання дабра і зла, зразумеў, чым ёсць сапраўдная любоў.