Марыйныя абразы на паштовых марках

Хрысціянскія традыцыі

Абраз Уладзімірскай Божай Маці (першы злева) на паштовым блоку “Іканапіс Беларусі XXI стагоддзя”

Спрадвеку на нашай зямлі і сярод праваслаўных, і сярод католікаў асабліва ўшаноўваецца культ Багародзіцы. Маці Божая – Заступніца, Апякунка, Збавіцельніца, Міласэрная... Народ прыдумаў Ёй шмат тытулаў. У іх утоена непазбыўная надзея і самая шчырая вера. Можа, таму менавіта на Беларусі столькі прыгожых легенд аб Яе дзівосным з’яўленні, столькі цудатворных ікон?
Сусветная іканаграфія налічвае каля 700 назваў абразоў Багародзіцы. Я вырашыў расказаць аб найбольш шануемых іконах Маці Божай на беларускай зямлі, якія адлюстраваны на паштовых марках.
    Самая вядомая выява Маці Божай у Беларусі, і ў прыватнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, – астрабрамская, якая ў цудадзейным абразе з’яўляецца асаблівай Заступніцай літоўскіх, беларускіх і польскіх зямель ужо больш за 300 гадоў. Прыгожае адлюстраванне Найсвяцейшай Марыі Панны са злёгку схіленай галавой у арэоле з 12-ці зорак і шматлікіх прамянёў запрашае да роздуму і малітвы. Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачыма і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае ў чалавеку любоў і давер. Незвычайная лагоднасць, задуменнасць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы. Пошта Літвы адлюстравала такі цудадзейны абраз на сваёй марцы ў 1990 годзе.
Абраз Маці Божай Вастрабрам- скай на паштовай марцы ЛітвыСлавуты сваімі ласкамі абраз Маці Божай Чанстахоўскай ведаюць і шануюць не толькі ў Польшчы. Такія выявы Багародзіцы ёсць таксама ў святынях Беларусі і Літвы. Паводле падання, абраз быў напісаны яшчэ пры жыцці Найсвяцейшай Панны евангелістам Лукой на дошцы таго стала, за якім трапезнічалі Езус Хрыстус, Марыя і Юзаф. Калі Апостал прынёс малюнак да Багародзіцы, яна сказала: “Міласць Народжанага ад Мяне і Мая няхай будзе з абразом гэтым!”. Першай выяву Маці Божай Чанстахоўскай на сваёй марцы ў 1966 годзе змясціла пошта Ватыкана, у 1992 годзе марачны блок надрукавалі ў Польшчы. А ў 2000 годзе адбылося сумеснае выданне маркі з выявай Маці Божай Чанстахоўскай поштамі Ватыкана і Польшчы.
 Ікона Багародзіцы “Непарушная сцяна” (першая злева) на паштовым блоку “2000-годдзе хрысціянства”   Адна з першых выяў Нябеснай Валадаркі – старажытная ікона Багародзіцы “Непарушная сцяна”. Яе арыгінал знаходзіцца ў алтары кіеўскага Сафійскага сабора. На працягу 9-ці стагоддзяў ікона заставалася непашкоджанай, таму атрымала такую назву. У самыя цяжкія часы Маці Божая ў цудадзейным абразе дапамагала беларускаму і ўкраінскаму народам. На вялікім паўкружжы вакол іконы знаходзіцца грэчаскі надпіс чорнай мазаікай: “Бог пасярод Яе і нішто не пераменіцца: дапаможа Ёй Бог раніцай і пасля таго”. У 2000 годзе рэпрадукцыя гэтай іконы была змешчана на адной з 3-ох марак блока да 2000-годдзя хрысціянства, які пошта Беларусі выпусціла сумесна з поштамі Украіны і Расіі.
Выява Маці Божай Чанстахоўскай на марцы Ватыкана    У Беларусі таксама ўведзены ў паштовы зварот блок з 3-ох марак “Іканапіс Беларусі XXI стагоддзя”. Адна з марак – абраз Маці Божай Уладзімірскай. Належыць да іканаграфічнага тыпу Еляуса – Замілаванне. Іконы такога тыпу перадаюць любоў, якая яднае Маці з Сынам. У іх падкрэсліваецца чалавечая натура Хрыста. Марыя, прадстаўленая да паловы постаці, трымае на правай руцэ Дзіцятка, якое ласкава туліцца да Яе: шчакою да шчакі, абдымаючы Маці за шыю левай рукой, а правай дакранаючыся да Яе ключыцы. Марыя схіляе сваю галаву да Сына, паказваючы левай рукой на Езуса, як на прадказанага Збаўцу свету – адзіную Дарогу, Праўду і Жыццё. Твар Багародзіцы засяроджаны, сумны, з вялікімі аліўкавымі вачыма, якія глядзяць на поўны задумення тварык Езуса. На залаціста-вохрысты з белай аблямоўкай акруглы німб Маці Божай заходзіць меншы, крыжовы німб Дзіцятка, таксама залаціста-вохрыстага колеру з 2-ма грэчаскімі літарамі “I” (“ёта”, што азначае імя Езус) і “Н” (“эта”, можа азначаць слова “hegemon” – “правадыр”, “кароль”). Верагодна, гэтыя літары з’яўляюцца скарачэннем ІХЕН ад “Iesus Chrystos eleison hymas” (“Езус Хрыстус, змілуйся над намі”).
 Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай на паштовым блоку, выдадзеным поштай Рэспублікі Беларусь   У 2013 годзе Белпошта выпусціла паштовы блок да 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай ў Будслаў. Абраз іканаграфічна належыць да заходне-еўрапейскага тыпу Адыгітрыі. Маці Божая намалявана да пояса, у чырвонай вопратцы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавай аблямоўкай. Дзіцятка знаходзіцца на Яе левай руцэ ў вольнай паставе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнуты да Маці: правая бласлаўляе, а левай Езус нібы дае Марыі гранат – шматзначны сімвал вечнага жыцця, а таксама хрысціянства, шматлікіх вернікаў якога адлюстроўваюць зярняты садавіны.
    Па словах хрысціянскага тэолага Грыгорыя Паламы, Божая Маці з’яўляецца акном, якое звязвае сусвет: “Яна – слава зямных, весялосць нябесных, упрыгожанне ўсяго створанага.
    Яна – пачатак, крыніца, корань нашага спадзявання на Нябёсах, якое і дасягнём толькі Яе малітвамі за нас…”. Маці Божая, маліся за нас грэшных. Цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амэн.