Вербы – святочны атрыбут, зроблены з душой

Хрысціянскія традыцыі

За сваё рамяство Дамініка Дамінікаўна ў 2013 годзе была ўдастоена звання “Народны майстар Беларусі”

У Пальмовую нядзелю вернікі збіраюцца на ўспамін трыумфальнага ўваходу Хрыста ў Іерусалім і, згодна з традыцыяй, ідуць вулічнай працэсіяй.
    Вербніца для католікаў – адна з найважнейшых і найбольш любімых урачыстасцей, якая не толькі адкрывае выключны час Вялікага тыдня, але таксама атаясамліваецца з духоўным драджэннем і, перш за ўсё, з пальмамі – сімвалам уваскрасення і неўміручасці чалавечай душы.
Майстрыхі Дамінікаўны
    Менавіта так па-сяброўску клічуць 4-ох сясцёр – Дамініку, Ванду, Дануту і Чаславу (у дзявоцтве Сарасек), якія з’яўляюцца носьбітамі рамяства стварэння велікодных вербаў. Сёння без іх пальм – сапраўднага твора мастацтва – не абыходзіцца ніводная Вербная нядзеля ў Гродне.
“Творчы фундамент у нас, напэўна, заклалі бацькі, якія былі добрымі рамеснікамі, – гаворыць Дамініка Дамінікаўна. – Тата мог пашыць абутак, скаваць нешта з жалеза, а мама вельмі добра шыла і ткала дываны. Бацькам даводзілася цяжка працаваць, бо мелі вялікую гаспадарку. Ды і нас, дзяцей, трэба было выхоўваць. Але, нягледзячы на гэта, мама знаходзіла час, каб пасадзіць каля дома кветкі. Мы разам за імі даглядалі. Адсюль, хіба, і пачалося наша захапленне фларыстыкай”.
    Дамініка Дамінікаўна ўзгадвае, што раней галінкі вярбы проста перавязвалі ніткамі. Пазней пачалі ўпрыгожваць барвінкам, аспарагусам, ядлоўцам. Затым у якасці дэкора сталі выкарыстоўваць папяровыя кветкі. “Яшчэ ў савецкія часы я пачала ствараць самыя разнастайныя варыянты ўпрыгожання вярбовых галінак. Але гэта быў перыяд атэізму, калі праследавалі за веру. Таму нельга было выйсці на вуліцу і паказаць шырокаму колу людзей велікодныя пальмы, аздобленыя каляровымі засушанымі кветкамі і травамі, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. – Калі пачалася «адліга», прыгожыя вербы паступова здабылі папулярнасць.
    Да цікавай справы далучыліся мае сёстры. Кожная стала прапаноўваць свае варыянты ўпрыгожання, прыдумляць цікавыя элементы. Дзякуючы фантазіі і творчаму падыходу велікодныя пальмы зрабіліся нашай візітоўкай.
    З тых часоў мы не страцілі энтузіязму, з якім узяліся некалі за справу. Наадварот, з гадамі захапіліся яшчэ больш”.
   
    Каб аздобіць вярбу, трэба працаваць увесь год
    Створаныя велікодныя вербы па сваёй форме нагадваюць лісце паўднёвай пальмы, якім высцілалі шлях Хрыста падчас Яго ўваходу ў Іерусалім. Прамы ствол з пышнай верхавінай з’яўляецца сімвалам узыходжання і адраджэння, а праз рознакаляровасць перадаецца сутнасць райскіх вобразаў.
    “Нашы вербы часта параўноўваюць з «віленскімі», якія папулярныя ў Літве і Польшчы, – адзначае Дамініка Дамінікаўна. – Але ў іх ёсць прынцыповае адрозненне: «віленскія» нагадваюць сапраўдныя букеты, «гродзенскія» – не аб’ёмныя. Маюць плоскую форму, якая прадыктавана традыцыяй захоўваць вербы за абразамі”.
    Майстрыха падкрэслівае, што неад’емны элемент “гродзенскай” пальмы – гэта 3 галінкі вярбы вышынёй каля 50-ці см, якія сімвалізуюць Святую Тройцу. Менавіта яны з’яўляюцца асновай, якая пазней упрыгожваецца. “Кампазіцыі могуць быць самымі рознымі, усё залежыць ад фантазіі і настрою, – гаворыць Дамініка Дамінікаўна. – Я ўпрыгожваю вярбу сухавейкамі, жытнімі і аўсянымі каласкамі, барвінкам, ядлоўцам, галінкамі самшыту, цімафееўкай, мятлікам, рознымі зёлкамі і травамі, якія збіраю на лугах, палях, у лесе. Таксама выкарыстоўваю кукурузнае лісце, з якога раблю рознакаляровыя кветкі”.
    Жанчына распавядае, што каб упрыгожыць вярбу, трэба быць не толькі добрым фларыстам, але батанікам і нават хімікам: “На сваім лецішчы я адмыслова вырошчваю сухавейкі. Пасля з дапамогай анілінавых фарбавальнікаў надаю ім розныя колеры: чырвоны, жоўты, аранжавы, фіялетавы, зялёны. Ды і з тымі раслінамі, каторыя збіраю ў дзікай прыродзе, не ўсё проста. Трэба ведаць, калі найлепш іх збіраць, як сушыць, у якіх умовах захоўваць. Нарыхтоўка матэрыялу забірае шмат часу. Вось і атрымліваецца, што ўпрыгожыць вярбовыя галінкі можна за гадзіну, а рыхтаваць для гэтага матэрыялы трэба ледзь не цэлы год”.
   
    Рамяство не для бізнесу, а для душы
 Майстрыха стварае самыя разнастайныя варыянты абавязковага велікоднага атрыбуту, яскравым прыкладам чаго з’яўляецца філасофская вярба   Дамініка Дамінікаўна зазначае, што яе сэрца перапаўняе радасць ад таго, што людзі захапляюцца вырабамі. “Кожная мая праца – гэта не толькі прыгожая кампазіцыя. У яе закладаю глыбокі сэнс і ўсю сваю душу, – прызнаецца Дамініка Дамінікаўна. – Некалькі гадоў таму ў мяне атрымалася вельмі незвычайная вярба – філасофская. 3 яе галінкі – гэта дарога, па якой мы ідзём да Бога. Сэрца са скручанага каласка сімвалізуе любоў да Госпада, да людзей і да сябе. Круглыя кветачкі, размешчаныя ў выглядзе светлафора, азначаюць прыпынкі на нашым жыццёвым шляху. А на самым версе вярбы – вясёлка з каласоў: мы ідзём у яе бок, шукаючы 8-мы колер – сэнс жыцця”.
    Жанчына падкрэслівае, што “гродзенскія” вербы цешацца папулярнасцю не толькі ў нашым рэгіёне, але таксама ў розных кутках Беларусі і за яе межамі. На працягу 7-мі гадоў Дамініка Дамінікаўна прымала ўдзел у Фестывалі крэсовай культуры ў Мрангове (Польшча). Госці мерапрыемства вельмі ахвотна набывалі велікодныя вербы, хоць фестываль праходзіў улетку і, здавалася б, зусім не сезон. Пальмы даехалі да Англіі, Францыі, Кітая, ЗША.
    “«Гродзенскім» вербам прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, – ганарыцца Дамініка Дамінікаўна. – Цешыць той факт, што гэтым рамяством цікавіцца маладое пакаленне. У Гродне ўжо маем сваіх прадаўжальнікаў, якія ствараюць уласныя арыгінальныя вырабы. Таксама да нас прыязджалі рамеснікі з Брэшчыны і Гомельшчыны, хацелі пазнаёміцца з нашай тэхнікай упрыгожання вербаў. Дзякуй Богу, ахвочых не бракуе. Таму спадзяёмся, што, засвоіўшы азы, яны будуць развіваць майстэрства і передаваць яго далей”.