Міфы пра Вялікі пост

Хрысціянскія традыцыі

Наконт перажывання велікапоснага перыяду ў супольнасці католікаў ходзяць легенды. Некаторыя лічаць, што ў гэты час трэба адмовіцца ад спажывання мяса, сыру і тварагу, закрываць вушы, калі паблізу гучыць музыка, “выклікаць” цярпенне з намерам, што гэта патрэбна Богу… У чым жа вернікі памыляюцца? Адкуль карані ілжывых перакананасцей? Разбіраем найбольш распаўсюджаныя міфы.
Падчас посту
   нельга спажываць мяса

    На самой справе, выключэнне з рацыёну дадзенага прадукта (акрамя пятніцы і Папяльцовай серады) не з’яўляецца абавязковым. Гэта, хутчэй, велікапосная пастанова ўтаймоўвання плоці. Адкуль жа ўзялося такое спрэчнае меркаванне? Некалькі стагоддзяў таму ў Касцёле было неабходным устрыманне ад мяса і малочных прадуктаў. Роўным чынам традыцыя ў адносінах трапезы магла быць з лёгкасцю запазычана ў братоў праваслаўных. З-за няведання людзі і далей перадаюць яе з пакалення ў пакаленне. Па сёння Царкоўны Статут прадпісвае асабліва строгія правілы ў першую і апошнюю нядзелі Вялікага посту. Праваслаўным вернікам не даз- валяецца ўжываць нават яйкі і жывёльны тлушч.
    У будні пры гатаванні ежы імі не выкарыстоўваецца алей.

    Пост абавязковы для ўсіх
    Пятнічнага посту на працягу ўсяго года абавязаны прытрымлівацца вернікі з 14-гадовага ўзросту. Пост у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу абавязвае католікаў ад 18 да 60 гадоў. “Аднак пастырам, а таксама бацькам варта паклапаціцца, каб і тыя, для каго ў сілу больш юнага ўзросту закон посту і ўстрымання яшчэ не абавязковы, выхоўвалі ў сабе сапраўднае пачуццё пакаяння” (кан. 1252 ККП).
    Падчас пятнічнага посту (акрамя Вялікай пятніцы) Касцёл дазваляе спажываць мясныя прадукты вернікам, якія выконваюць фізічную працу або знаходзяцца ў падарожжы. Выключэнні для захавання посту робяцца таксама для цяжарных жанчын, састарэлых і хворых.
   
Ужо ў ІІ стагоддзі для лепшай падрыхтоўкі да перажывання Пасхальных свят было дададзена 2 дні посту перад імі. Аб гэтым узгадвае Тэртуліян (каля 240 г.). Св. Ірэней (каля 202 г.) піша, што ў яго часы для ўшанавання 40-дзённага посту Пана Езуса быў прадпісаны пост 40-гадзінны (абавязковы ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу). У ІІІ стагоддзі посцілі ўжо цэлы тыдзень. Урэшце на пачатку IV стагоддзя быў уведзены 40-дзённы пост. Упершыню аб гэтым успамінае св. Атаназій з Александрыі ў пастырскім лісце з нагоды Вялікадня 334 года. У IV стагоддзі ў Рыме пост распачынаўся за 6 тыдняў да ўрачыстасці Уваскрасення Пана. Аднак пасля выліку нядзель, у якія ніколі не посцілі, пакаянны перыяд трываў 36 дзён. Таму ў VII стагоддзі дадалі нехапаючыя дні і вызначылі пачаткам Вялікага посту Папяльцовую сераду. Канчаткова гэты дзень як пачатак посту ўмацаваўся ў традыцыі рымскага Касцёла ў 1570 годзе.

    Чым больш цярплю, тым большая карысць
    Пост – не самамэта, а толькі сродак. Вядома, можна вызначыць для сябе вельмі сур’ёзную пакуту, і на працягу 40-ка дзён з ця- жарам несці ўскладзены на плечы груз. Але не дзеля гэтага існуе перыяд Вялікага посту. Бог зусім не хоча чалавечых пакут. Адрачэнні і пастановы з’яўляюцца мажлівасцю ачысціць сваю душу ад паўсядзённых рэчаў, каб наблізіцца да Стварыцеля. Галоўнае на дадзеным шляху – дасягнуць духоўнага плёну.
    Небяспечна захапіцца сваімі поспехамі ў плане выканання пастаноў. Калі чалавек кругом аб гэтым трубіць, на паверхню паказ- ваецца яго пыха. І на першым плане тады не Бог, а ўласныя вынікі і клопат аб новых рэкордах.
   
    40 дзён посту носяць журботны характар
   Праз Вялікі пост вернікі рыхтуюцца да свят Уваскрасення Пана Вядома, Вялікі пост перажываецца 40 дзён. Але рамкі гэтага перыяду ахопліваюць 46 (можаце пералічыць самастойна). Чаму так? Нядзеля з’яўляецца днём успаміну ўваскрасення Хрыста або, іншым словам, штотыднёвай Пасхай. “Вернікі спыняюць пост і моляцца стоячы, што ёсць знакам уваскрасення. Таму і «Алелюя» спяваецца кожную нядзелю”, – піша св. Аўгусцін.
    Незалежна ад розных літургічных форм, якія могуць змяняцца з часам у залежнасці ад касцёльнага парадку, заўсёды застаецца той факт, што нядзеля павінна адзначацца з радасцю, з якой Апосталы прывіталі Настаўніка: “Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана” (Ян 20, 20). Таму гэты дзень тыдня ў Вялікім посце мае больш урачысты характар, чым астатнія дні гэтага перыяду.
   
Традыцыйныя назвы нядзель Вялікага посту:
    I Invocavit (Уступная)
    II Reminiscere (Сухая)
    III Oculi (Глухая)
    IV Laetare (Сярэднепосная, званая радаснай)
    V Judica (Чорная, Мукі Пана)
    VI Palmarum (Пальмовая, званая кветкавай)

    Вялікі пост патрэбны Богу для абвяшчэння Яго хвалы
    Бог усемагутны. Ён не мае патрэбы ў чалавечым праслаўленні, бо па сваёй сутнасці з’яўляецца Дасканаласцю. Гэта неабходна, перш за ўсё, самому чалавеку. Кожная без выключэння душа жыве ў прагненні злучыцца з Богам, бо Ім створана.
    На пачатку Вялікага посту Святы Айцец Францішак заўважыў, што распачаўся час, калі варта задумацца і спытаць саміх сябе: “Што б з намі адбылося, калі б Бог зачыніў перад намі дзверы? Што было б без Яго міласэрнасці, якая ніколі не стамляецца прабачаць і заўсёды дае магчымасць пачынаць нанова?”. Праз свядомае перажыванне велікапоснага перыяду вернік адчувае Божае дыханне, якое “ратуе нас ад душнага паветра разрэджанай надзеі, паветра смутку і прымірэння з абставінамі, панікі і варожасці”.
    Такім чынам, скажоныя погляды на нейкія рэчы робяць чалавека залежным ад таго, што не прыносіць яму карысці ў духоўным плане. А гэта воляй-няволяй прымушае задумацца над усімі рэчамі, якія здзяйсняем у сваім жыцці.
    Варта ўсведамляць, што пазіцыя асобы, якая сумняваецца і шукае праўды, з’яўляецца правамернай. З-за яшчэ нядаўняй складанай сітуацыі з вызнаннем веры ў Касцёле на Беларусі ў рэлігійным пазнанні яе жыхароў існуюць прабелы. А таму запаўняць гэтыя лакуны, пачынаючы са свайго светаўспрымання, – першачарговая задача кожнага верніка.