Уваскрослы Пан непасрэдна перад сваім канчатковым вяртаннем да Бога Айца таксама дае сваім вучням апошнія інструкцыі. Ён перадае ім місію, абяцае Святога Духа і бласлаўляе іх. Справа, распачатая Езусам, павінна працягвацца ў Касцёле, а апосталы павінны быць сведкамі Езуса, гатовымі нават праліць сваю кроў.
Урачыстасць Унебаўшэсця Пана адзначаем 26 мая.
Хрыстос, пакідаючы гэты свет, абяцае вучням, што яны не будуць адны. Будуць “узброены моцай з вышыні”. Уваскрослы па-ранейшаму будзе прысутнічаць у сваім Касцёле, але гэтая прысутнасць будзе мець ужо іншы характар. Ён больш не можа быць з вучнямі фізічна, як чалавек, але будзе з імі праз свайго Духа. Святы Дух з’яўляецца Духам Айца і Сына. Чалавечнасць Езуса была пасудзінай, у якой Бог аддаў сябе свету, цяпер наша чалавечнасць, памазаная “моцай з вышыні”, павінна быць пасудзінай, праз якую Бог працягвае ўдзяляць сябе свету. Езус быў дасканалым начыннем, мы ж гліняныя начынні, якія можна разбіць. Але мы ўзброены Духам, які цярпліва дапаўняе нашы недасканаласці.
Св. Павел называе Касцёл Целам Езуса. Гэтая карціна адлюстроўвае праўду аб працягу справы Хрыста ў нас. Галава Касцёла, гэта значыць Езус, знаходзіцца ў небе, а Яго Цела, гэта значыць мы, – на зямлі. Можна сказаць, што хрысціянін – гэта чалавек, які цвёрда крочыць па зямлі, а галаву трымае ў небе. Мець галаву ў небе – значыць жыць у еднасці з Тым, да каго накіроўваемся. Мець галаву ў небе – значыць быць пілігрымам, а не бадзягам. Той, хто ведае пункт прызначэння вандроўкі, глядзіць на свой шлях з гэтай канечнай перспектывы. Таму не паддаецца злу.
Ідэнтычнасць чалавека вызначаецца не толькі яго мінулым, але і надзеяй на будучыню. Наша праблема ў тым, што мы занадта лёгка губляем галаву, адпускаем свае думкі і жаданні разбягацца ва ўсе бакі, накіроўвацца куды заўгодна і за кім заўгодна. Мець галаву ў небе – значыць мець большую надзею, чым любая зямная мэта, значыць дыхаць вечнасцю нават у зямной атмасферы.
“Уваскрасенне Пана – наша надзея. Унебаўшэсце – наша праслаўленне. У дзень свайго нараджэння Пан засведчыў, што з’яўляецца сапраўдным чалавекам. У дзень свайго ўнебаўшэсця Ён засведчыў, што Ён сапраўдны Бог. Пасля магілы – неба, пасля крыжа – трон. Да ліку несмяротных далучаецца смяротная натура. На нябесны трон сядае зямное цела” (св. Аўгусцін).
Бог выйшаў з неба з любові да чалавека, таму, калі чалавек хоча трапіць у нябёсы, ён таксама павінен ісці шляхам любові. Падзякуем Богу за Яго бясконцую любоў да нас і скажам Яму тое, што кажа святар, які цэлебруе св. Імшу ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана ў малітве пасля Камуніі: “Усемагутны Божа... абудзі ў нас прагу неба, дзе Хрыстос як першы з людзей прабывае з Табою”.