Асаблівая місія і выключнае заданне

Хрысціянскія традыцыі

Свята свсв. арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала адзначаем 29 верасня.
Літургічны ўспамін святых арханёлаў – добрая нагода, каб зноў усвядоміць мэту нашага зямнога падарожжа.
Свята, якое мы кожны год адзначаем у канцы верасня, у чымсьці асаблівае, таму што ўшаноўваем святых, але не людзей, а анёлаў. Асаблівых анёлаў, якія называюцца арханёламі: Міхала, Габрыэля і Рафала.
Акрамя анёлаў-ахоўнікаў, дадзеных кожнаму чалавеку, Бог таксама паклікаў да існавання анёлаў, якім даручыў выконваць асаблівыя місіі і задачы. Іх заданне выяўляе імя, якое яны маюць. Св. Рыгор Вялікі тлумачыў так: “Імя анёл не азначае натуру, але заданне. Духаў, якія прадказваюць самыя значныя падзеі, называюць арханёламі. Некаторыя з іх маюць свае ўласныя імёны, што ўказваюць на канкрэтныя іх задачы або паслугу”.
    Імя св. Міхала азначае “Хто ж як Бог?”. Згодна з традыцыяй, ён выступіў з гэтым вокрыкам, калі Люцыфер паўстаў супраць Бога. Як пераможца варожых Богу і Касцёлу сіл, ён падтрымлівае людзей у барацьбе са злом (параўн. Ап 12, 7–9). Існуе меркаванне, што ён прысутнічае побач з паміраючым чалавекам, калі той накіроўваецца ў вечнасць.
    Імя св. Габрыэля перакладаецца як “Бог – мая сіла”. Яго задачай было данесці да людзей Божую волю. Асабліва гэта тычыцца найважнейшага Божага плана, адлюстраванага ў сцэне Звеставання (параўн. Лк 1, 26–38). Папа Пій XII абвясціў яго заступнікам тэлеграфа, тэлефона, радыё і тэлебачання.
   
Да свсв. арханёлаў звяртаемся ў самых розных патрэбах: у змаганні з сіламі цемры, як да апекуноў добрых навін, застунікаў у хваробах.

   Св. Рафал – “Бог аздараўляе”. Гэта адзін з сямі анёлаў, што стаяць напагатове і выходзяць перад абліччам славы Пана (параўн. Тоб 12, 15). Яго асоба і місія прадстаўлены ў кнізе Тобія. Ён з’яўляецца заступнікам хворых і падарожнікаў.
    Свята свсв. арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала звяртае нашу ўвагу на існаванне іншага свету, акрамя зямнога, – нябеснага свету і вечнага жыцця з Богам, у якім ужо сёння жывуць анёлы. Езус Хрыстус, пра што напісана на старонках Евангелля, размаўляючы з Нафанаілам і Піліпам, абяцае ім, што ўбачаць “неба раскрытае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага” (Ян 1, 51), адкрываючы такім чынам Яго славу. Жывучы з Богам у вечнасці, мы зможам цешыцца з удзелу і сузірання таго, што ўжо цяпер бачаць і ў чым удзельнічаюць анёлы і арханёлы.
    Літургічнае свята трох гэтых арханёлаў з’яўляецца добрай нагодай, каб зноў усвядоміць мэту нашага зямнога падарожжа і прыняць на сябе звязаныя з ім цяжкасці і намаганні. Гэта асабліва важна ў сучасным свеце, у многіх вымярэннях рэальнасці, якая нас акружае, калі з поля бачання чалавека спрабуюць сцерці перспектыву вечнага жыцця з Богам, нашым Стварыцелем.
    Мэта нашай пілігрымкі на зямлі – неба і вечнае жыццё з Богам. На гэтым шляху мы не самотныя, таму што нас пастаянна падтрымлівае дапамога, малітва і абарона анёлаў, якіх Бог дае нам як спадарожнікаў. Іх нястомнае суправаджэнне мы зможам зноў усвядоміць, адзначаючы неўзабаве (2 кастрычніка) успамін свсв. анёлаў-ахоўнікаў.
    У адным са сваіх лістоў да духоўных дачок святы а. Піо напісаў словы, якія можна прымяніць не толькі да нашых свсв. анёлаў-ахоўнікаў, але да кожнага са згаданых арханёлаў: “Гэты добры анёл моліцца за цябе і ахвяруе Богу ўсе твае добрыя справы, твае святыя і годныя жаданні. Калі табе здаецца, што ты самотная і пакінутая, не скардзься, што табе не хапае сябра, якому магла б адкрыць сваё сэрца і даверыць свае няшчасці. Дзеля Бога, не забывай, што гэты нябачны таварыш побач з табой, заўсёды гатовы выслухаць цябе, заўсёды гатовы суцешыць”.
    Просім Бога дапамагчы нам пераймаць свсв. арханёлаў. Каб мы, падобна св. Міхалу, клапаціліся, каб Бог быў у нашым жыцці на першым месцы; каб, падобна св. Габрыэлю, неслі іншым радасную навіну і сведчанне аб дзеянні Бога ў нашым жыцці і жыцці іншых людзей; каб, падобна св. Рафалу, дапамагалі іншым перажываць Божае ацаленне ў душы і целе праз канкрэтную дапамогу і малітву.
    Давайце даверымся Богу, і, бясспрэчна, нягледзячы на цяжкасці, якімі заўсёды будзе адзначана наша жыццё, мы здолеем прайсці гэты шлях, праслаўляючы Бога за Яго дабрыню.