Св. Станіслаў Костка: герой для маладых

Літургія - Хрысціянскія традыцыі



Літургічны ўспамін апекуна моладзі прыпадае на 18 верасня.
Для моладзі надышоў час, які часта ставіць іх перад новымі выклікамі. А адным з найлепшых у пераадоленні праблем з’яўляецца св. Станіслаў Костка, які для дасягнення сваёй мэты супраціўляўся магутным бацькам, не пазбягаў працы, што не адпавядала яго становішчу двараніна, не баяўся цяжкасцей самотнай вандроўкі з Вены ў Рым і не скардзіўся падчас хваробы. Малады святы можа быць добрым дарадчыкам для хлопцаў і дзяўчат на пачатку новага навучальнага года – у час прыняцця новых рашэнняў і планаў.
Урокі ад св. Станіслава
   
    1. Станіслаў можа навучыць моладзь цярпенню і настойлівасці. Маладыя людзі часта чакаюць асаблівага стаўлення. Між тым Костка не баяўся працаваць на кухні і шараваць калідоры ў доме святара, бо гэтае выпрабаванне магло наблізіць яго да дасягнення мэты. Ён не чакаў спецыяльнага запрашэння з Рыма і не расхалоджваўся з-за першых нягод, якія спаткалі ўжо ў Вене.
   
    2. Вельмі натхняльным у гісторыі Станіслава з’яўляецца яго непланаванне. Мы часта думаем, што мусім напісаць сцэнарый свайго жыцця, а потым рэалізаваць яго. Але ў такі ж дзень, як сёння, Станіслаў Костка адправіўся ў падарожжа – не ведаючы, што яго чакае. Ён ведаў толькі тое, што Гасподзь блаславіць яго шлях. Усё, што знаходзіў падчас сваёй вандроўкі, прымаў як Божае бласлаўленне. Ён атрымліваў гэтае “ўсё” і ішоў далей.
   
    3. Здзіўляе і заахвочвае да разважання выказванне, прамоўленае Станіславам па дарозе ў Рым: “Я зразумеў, што імкнуўся за нечым вельмі мімалётным. Але маё жаданне было настолькі моцным, што я нават не думаў вяртацца назад. Гэта нашы жаданні вызначаюць, хто мы!”. Нашы жаданні акрэсліваюць тое, кім мы з’яўляемся. Калі маем якія-небудзь жаданні, гэта можа азначаць, што яны паходзяць ад Бога, і тады мы павінны іх выконваць.
   
    4. У жаданнях існуе таксама вельмі важнае імкненне пастаянна распазнаваць і выконваць Божую волю. Але Костка рабіў гэта не ў адзіночку, а добрасумленна слухаючы і выконваючы парады духоўных кіраўнікоў ды настаяцеляў.
   
    Часта ў гісторыі св. Станіслава Косткі мы робім акцэнт на яго актыўнасці: на мужнасці, калі адправіўся ў дарогу, і на настойлівасці, калі, нягледзячы на цяжкасці, прытрымліваўся прынятага рашэння. Але тады мы думаем па-людску і прыпісваем усё дзеянням хлопца – быццам зрабіў усё сваімі сіламі. Насамрэч ён толькі адкрыўся на Божую волю і дазволіў сябе весці. І гэта яго галоўны ўрок.
   
Станіслаў Костка – езуіт, святы Каталіцкага Касцёла. Нарадзіўся, верагодна, у снежні 1550 года ў Росткаве каля Пшасныша (Польшча). Калі яму споўнілася 14 гадоў, быў накіраваны ў езуіцкія школы ў Вене. Праз год цяжка захварэў. У бачанні яму з’явілася Маці Божая, якая ўсклала Дзіцятка Езуса на яго рукі. Наступнай раніцай Станіслаў устаў цалкам здаровым з моцным жаданнем увайсці ў Таварыства Езуса. Бацькі не дазволілі хлопцу ўступіць у ордэн езуітаў. Тады ён патаемна пакінуў Вену, пешшу накіраваўшыся ў Рым. Быў прыняты ў навіцыят. Ва ўзросце 18-ці гадоў Станіслаў Костка склаў манаскія абяцанні. У тым жа годзе памёр ад малярыі. Праз два гады яго магілу адкрылі – паводле паданняў, цела не расклалася.