ІV Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 21–28
У горадзе Кафарнауме Езус увайшоў у шабат у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. І быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: “Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы”. Але Езус забараніў яму, кажучы: “Змоўкні і выйдзі з яго”. Тады дух нячысты, таргануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І здзівіліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: “Што гэта? Новае вучэнне, якое мае моц? Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго”. І адразу разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.

Адкрыцца на Божую ласку
   Выганяючы нячыстага духа з апантанага чалавека, Хрыстос пацвярджае сваё боства. Паказвае, што як Бог Ён мае ўладу не толькі над матэрыяльным светам, але і над светам злых духаў, які пастаянна трывожыць, хвалюе, спакушае і кіруе на шлях зла і граху. Вялікая памылка, якую робяць многія сучасныя людзі, – не толькі ігнараваць існаванне злога духа, але і наіўна думаць, што калі цёмныя сілы і дзейнічаюць у гэтым свеце, то праяўляюць сябе ў іншых, а не ў нас саміх. Вядома, гэта самападман. Таму што кожнаму з нас у пэўным сэнсе пагражае апантанасць злым духам. Магчыма, мы не апантаны ў такой ступені, як няшчасны чалавек з Евангелля, але ў кожным з нас ёсць нейкая часцінка злога, якую павінны выкінуць са свайго сэрца з дапамогай Хрыста. Падобна таму, як Езус дапамог апантанаму чалавеку, Ён таксама гатовы нястомна дапамагаць нам. Дастаткова мець моцную веру і стаць пад прамяні Яго ласкі.
   Пане Езу Хрысце, дапамагай мне адкідваць спакусы злога духа, заўсёды абараняць дабро і несці ў сэрцы толькі Тваю бясконцую ласку.