VІІІ Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў сваім вучням: “Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
    Таму кажу вам: Не клапаціцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, а цела – за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не нашмат лепшыя за іх? Ды і хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? І пра вопратку навошта клапоціцеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж больш вас, малаверныя! Таму не клапаціцеся і не кажыце: «Што нам есці?» – або: «Што піць?» – або: «У што апрануцца?». Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату”.

Мц 6, 24–34


Пад штандарам Езуса
   Вялікія гэтага свету маюць свае распазнавальныя знакі: родавыя гербы, геніялагічныя дрэвы і штандары. У медытацыях св. Ігнацыя Лаёлы гаворыцца пра 2 штандары – Езуса і д’ябла. Выбраць штандар Хрыста – значыць пайсці толькі і выключна за Ім. І гэта добрае рашэнне. Аднак зманы свету могуць паспрыяць таму, што чалавек пачынае вагацца і нават змяняе сваё меркаванне.
    Ісці за Езусам можна як у сужэнстве, так і ў святарстве ці манаскім жыцці. Небяспека адыходу ад Бога існуе таксама ў абодвух станах жыцця – можна сустрэць нявернасць як у шлюбе, так і ў святарстве. Момант дабравольнага выбару, пад чыім сцягам хочам правесці сваё жыццё, для кожнага індывідуальны, яго цяжка акрэсліць. Такі момант можа здарыцца неаднаразова за час доўгай зямной вандроўкі.