II Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму”.
    Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх; а ежай яму была саранча і дзікі мёд. Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да Яго. І прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.
    Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: “Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння, і не думайце казаць у думках сваіх: «Наш айцец – Абрагам». Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. Я хрышчу вас у вадзе для пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я не варты несці сандалі Ягоныя. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а мякіну спаліць агнём непагасным”.

Мц 3, 1–12


Рэха вякоў
   Калі жыў прарок Ісая? За восем вякоў да нараджэння Хрыста. Неверагодна – мы сёння разважаем словы, якія былі сказаны 29 вякоў таму! Адкуль бярэцца моц гэтых слоў? Як хрысціяне мы ведаем – ад Бога Стварыцеля. У Яго ўсемагутнасці змешчана таксама пэўнасць у рэалізацыі ўсіх задуманых планаў, якія датычацца ўсяго, што Ён ахінае сваёй любоўю. А ў першую чаргу – чалавека, створанага на Яго вобраз і падабенства. Разважаючы ўсемагутнасць і вернасць Бога, мы не можам забывацца пра важную “дэталь”: і прарок Ісая, і св. Ян Хрысціцель за сваю блізкасць да Бога заплацілі жыццём. Яны абодва прадвяшчалі прыход Божага Сына, які памёр на крыжы, каб даць сведчанне вернасці перад чалавекам.