ХXVIII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: “Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?”. Езус сказаў яму: “Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці”. А той сказаў Яму ў адказ: “Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй”. Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: “Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною”. А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць. Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: “Як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае!”. Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: “Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае”. А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: “Хто ж можа збавіцца?”. Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: “У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма”.
Мк 10, 17–27

Умелае карыстанне багаццямі
   Хрыстос прыгадвае нам, што для таго, каб быць сапраўдным хрысціянінам, недастаткова толькі выконваць Божыя запаведзі: не забіваць, не красці, не распуснічаць, не падманваць... Верны Яго паслядоўнік павінен патрабаваць ад сябе чагосьці большага. Павінен пераймаць Настаўніка і будаваць на зямлі распачатае Ім Валадарства.
    Для гэтага хрысціяніну належыць мець добрае сэрца, якое адкрыта на бліжніх. Багацці ж, у сваю чаргу, небяспечныя, бо нярэдка займаюць месца, якое належыць самому Богу, становячыся перашкодай на шляху збаўлення. Назапашванне зямных скарбаў наглуха закрывае чалавечае сэрца на патрэбы іншых, часта робіць людзей бяздушнымі эгаістамі, якія жывуць толькі для сябе. Аднак, як нехта добра заўважыў, “Неба здабываецца за грошы, якія мы ахвяравалі іншым”.
   
● Ці рацыянальна выкарыстоўваю даброты, якімі мяне адарыў Бог?
   ● Ці здольны дзяліцца з бяднейшымі за мяне людзьмі?