ХXV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых слоў, а спытацца ў Яго баяліся. Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: “Пра што па дарозе вы разважалі?”. Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
    Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою”. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: “Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне”.
Мк 9, 30–37

Служыць з любоўю
   Свет, у якім апосталы выраслі і жылі, сцвярджаў, што “меншы” павінен слухацца таго, хто “вялікі”, і служыць яму. Хрыстос жа пераварочвае гэтую ісціну на 180 градусаў: хочаш быць вялікім – служы іншым, паколькі веліч чалавека вымяраецца тым, наколькі ён да гэтага здольны.
    Збаўца не зводзіць такую навуку да сухой тэорыі, сам з’яўляецца непахісным прыкладам служэння патрабуючым. На шматлікіх старонках Евангелля можам знайсці апісанне паслугі Езуса на зямлі. Божы Сын ніколі абыякава не праходзіў міма бедных, хворых, пакутуючых. Ён служыў людзям праз абвяшчэнне Добрай Навіны, выгнанне злых духаў, уваскрашэнне памерлых, аздараўленне ад розных хвароб душы і цела.
    Нас усіх Усемагутны паклікаў да такой службы. Дапамагаючы іншым, мы служым самому Богу. Чым прыгажэйшая і больш пакорная наша паслуга, чым больш любові і сэрца ўкладваем у выкананне сваёй місіі, тым большыя мы ў вачах Стварыцеля.
   
● Ці здольны я бескарысліва служыць Богу і людзям?
   ● Ці асцерагаюся таго, каб быць кімсьці першым і найважнейшым любой цаной?