ХXIV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: “Кім людзі лічаць Мяне?”. Яны адказвалі Яму: “Янам Хрысціцелем, другія – Іллёю, іншыя – адным з прарокаў”. А Ён спытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?”. Пётр сказаў Яму ў адказ: “Ты – Хрыстос”. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
    І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае”.
    І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго”.
Мк 8, 27–35

Адкрыцца на Слова
   Св. Пётр вызнае веру ў тое, што Хрыстос з’яўляецца Месіяй – Божым Памазаннікам. Аднак пасля не ідуць учынкі. У сэрцы апостала не хапае даверу да Усемагутнага. Езус абвінавачвае Пятра ў тым, што ён думае па-людску, а не па-Божаму.
    Каб ісці за Езусам, мы павінны адмовіцца ад сваіх ілюзій, перасцярог і з даверам, з чыстым розумам і сэрцам адкрыцца на Слова Бога. “Дух вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся ад Духа” (Ян 3, 8).
    Пайсці за Езусам – значыць кінуцца, як дзіця, у абдымкі любячага Айца. Слова і Дух скіроўваюць нас, каб не ішлі ў супрацьлеглым напрамку ад таго, які вызначае Бог.
   
● Ці дазваляю Слову, каб яно магло ўва мне прабываць і дзейнічаць?
   ● Што ў сваім жыцці я прызнаю натхненнем, а што – спакусай?