ХV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. І сказаў ім: “Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх”. І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.
Мк 6, 7–13

Не крывадушна, а ў прастаце сэрца
   Езус перадае апосталам місію абвяшчэння Божага слова. Дае ім асаблівую моц, што дазваляе панаваць над духамі і вылечваць хваробы, а таксама падказкі і рэкамендацыі, якія можна назваць правіламі місійнай дзейнасці ранняга Касцёла. Рэкамендуе ім практыкаванне ўбоства, заахвочвае да ўсведамлення сваёй місіі, мужнасці і веры ў моц абвяшчэння Слова.
    Да гэтага пакліканы таксама кожны з нас. Мы павінны абвяшчаць Евангелле не крывадушна, а ў прастаце сэрца. Павінны абвяшчаць яго заўсёды: у кожны час і ў кожны перыяд свайго жыцця, у хвіліны радасці і смутку, калі нічога нас не турбуе і калі страшна пакутуем... Заўсёды! Варта памятаць, што ў абвяшчэнні Добрай Навіны няма перапынку на водпуск ці канікулы. Сваёй паставай маем нястомна сведчыць аб тым, што нашым Панам з’яўляецца Езус Хрыстус.
   
● Як усведамляю місію абвяшчэння Добрай Навіны?
   ● Якая мая вера ў моц абвяшчаемага Слова?