НЯДЗЕЛЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: “Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”.
Мц 28, 16–20

Абвяшчаць любоў
   У Старым Запавеце не гаворыцца пра Святую Тройцу. Грань таямніцы прыадкрывае толькі Новы Запавет, паколькі Езус Хрыстус неаднойчы закранаў гэтую тэму ў сваіх навучаннях. Пасылаючы апосталаў абвяшчаць Евангелле, наказваў ім хрысціць у імя Айца, Сына і Святога Духа. Разам з вучнямі Ён заклікае да гэтай місіі і нас: каб ішлі і навучалі, абвяшчаючы любоў, дзелячыся з бліжнімі.
    Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам, што хрысціянства – гэта не сухая тэорыя, а, найперш, любоў на практыцы. Любоў, фундаментам якой з’яўляецца Найсвяцейшая Тройца і якая павінна стаць крыніцай нашага жыцця. Грунтуецца яна на поўным адкрыцці сябе на Бога і абсалютным з’яднанні з Ім. Усемагутны прагне, каб у нас адлюстраваўся вобраз узаемаадносін Айца, Сына і Духа; каб мы сталі жывой іконай, месцам прысутнасці Тройцы.
    Давайце прымей у сваё сэрца Найсвяцейшую Тройцу як доказ бязмежнай веры і аўтэнтычнай любові.
   
● Ці дастаткова я адкрыты на Божую дзейнасць і кіраванне?
   ● Як рэалізую ў сваім жыцці місійны наказ Хрыста?