VIІ ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: “Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне. А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету. Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе”.
Ян 17, 11b–19

Хрыстос – наш фундамент
   Пан Езус прапанаваў сваім вучням такую еднасць, прыкладам якой з’яўляецца Яго сувязь з Усемагутным: “Ойча, учыні, каб усе былі адно, як Ты – ува Мне, а Я – у Табе, каб і яны былі ў Нас” (параўн.: Ян 17, 21). Толькі такое адзінства “акупляецца”, толькі яно вечнае. Тым, хто злучае нас у сабе і вакол сябе, з’яўляецца Хрыстос. Таму, устанаўліваючы сувязь з людзьмі, спытайма сябе, што нас яднае: Бог ці штосьці іншае.
    Не варта будаваць сувязі на слабым падмурку. Няхай іх фундаментам будзе і назаўсёды застаецца наш Збаўца. Дадзеная сувязь раней ці пазней перародзіцца ў прыгожае сяброўства з Богам. А няма на свеце нічога больш трывалага, чым такое сяброўства.
   
● Як выглядае мая сувязь з Богам?
   ● Ці здольны я будаваць добрыя адносіны з іншым чалавекам?