V ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус сказаў сваім вучням: “Я – сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой – вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я – у вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я – вінаградная лаза, вы – галіны.
    Хто застаецца ўва Мне, а Я – у ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі”..
Ян 15, 1–8

Цешыцца паўнатой жыцця
   Тых, хто жыве ў веры, Хрыстос параўноўвае з вінаграднай лазой, якая прыносіць шчодры плён. Кожны чалавек з’яўляецца нібы галінкай, якая, калі яе адарваць ад сцябла – Езуса, што дзейнічае ў сваім Касцёле і праз Касцёл, становіцца мёртвай і не прыносіць пладоў. “Без Мяне нічога не можаце зрабіць”, – гаворыць Хрыстос вельмі выразна.
    Збаўца запрашае ўсіх нас жыць у еднасці з Ім. Гэтай дарогай трывання ў Хрысце з’яўляецца вера. Менавіта дзякуючы ёй мы здольны падтрымліваць сталую сувязь з Богам, што патрэбна нам так жа, як неабходна з’яднанне лазы з вінаградным кустом, каб магчы даваць плады. Дзякуючы веры мы здольны ва ўсёй паўнаце цешыцца прыгажосцю жыцця, крыніцай якога з’яўляецца Бог, і прыносіць шчодры плён, узбагачаючыся дарамі Святога Духа.
   
● Ці стараюся заўсёды трываць пры Езусе?
   ● Што ўмацоўвае маю асабістую сувязь з Хрыстом?