НЯДЗЕЛЯ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: “Спакой вам!”. І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: “Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас”. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”. Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: “Мы бачылі Пана”. Але ён сказаў ім: “Калі не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу”.
    І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: “Спакой вам!”. Потым кажа Тамашу: “Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым”. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: “Пан мой і Бог мой!”. Езус кажа яму: “Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
Ян 20, 19–31

Любоў сэрца
   Няма больш магутнай сілы, чым міласэрная любоў Бога да чалавека. Яна была аб’яўлена на крыжы, дзе памёр Езус, каб вывесці чалавецтва з цемры, робячы магчымым вызваленне з няволі злога. Яна перамагла смерць, перамагла грэх, перамагла д’ябла.
    Міласэрная любоў Бога надала сэнс цярпенню і смерці, упісаным у нашае жыццё. Таму Створца заўсёды спадарожнічае чалавеку – самотнаму, хвораму, пакутуючаму, зняважанаму, які перажывае балючы вопыт. Раздзяляе з ім цяжкасці і непрыемнасці, падтрымлівае і ўмацоўвае духоўна. Аднак Ён можа зрабіць гэта толькі пры адной умове: калі, поўныя даверу, дазволім Богу дзейнічаць у нас.
   
● Ці стараюся давяраць Богу ў кожнай жыццёвай сітуацыі?
   ● Ці давяраю Пану асабліва тады, калі вымушаны несці цяжар няшчасцяў і клопатаў?