ІV Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. Яна ж збянтэжылася ад слоў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца”. А Марыя сказала анёлу: “Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю?”. Анёл сказаў Ёй у адказ: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага”. Тады Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”. І адышоў ад Яе анёл.
Лк 1, 26–38

Няхай Езус жыве ў нас!
    Сённяшняе Евангелле вучыць адпаведна перажываць таямніцу Божага Нараджэння. Яно паказвае Найсвяцейшую Маці і Яе веру. Марыя без рэшты даручыла сябе Стварыцелю, адкрыўшы сваё сэрца на ўздзеянне Святога Духа. Кожны, хто так, як Яна, бязмежна давярае любові Айца, прымае Збаўцу і жыве Яго Боскім жыццём. Менавіта тады Святы Дух надае форму думкам, словам і ўчынкам чалавека, робячы яго падобным да Езуса.
    У час адзначэння нараджэння Хрыста нельга забывацца аб тым, што самае важнае – Сын Божы прыходзіць у свет, каб узвысіць чалавека. Таму калі Пан пастукаецца ў сэрца, адкрыйма яго з верай, як гэта зрабіла Марыя. Няхай праз уздзеянне Святога Духа Езус знойдзе ў ім месца і заўсёды жыве ў нас!

 

Ці здольны я поўнасцю даверыць сябе Богу?
    Ці гатова маё сэрца, каб запрасіць да сябе Езуса?