XXIX Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах. I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: “Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?”. Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: “Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету”. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: “Чыя гэта выява і надпіс?”. Кажуць Яму: “Цэзара”. Тады кажа ім: “Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”.
Мц 22, 15–21

Кожнаму аддайма тое, што яму належыць
    Дадзены фрагмент Евангелля прыгадвае, што ў жыцці мы маем справу з зямнымі рэчамі, з бясконцымі абавязкамі адносна сям’і, працадаўцы, дзяржавы. Аднак варта ўсвядоміць, што на гэтым нельга спыняцца. З’яўляючыся грамадзянамі Зямлі, мы павінны памятаць, што пакліканы стаць у будучым грамадзянамі Нябеснага Валадарства. Таму не трэба блытаць таго, што Божае ці вядзе да Пана, з тым, што мае часовы характар і хутка растварыцца ў вечнасці.
    Такім складаным пытаннем Езуса хацелі выпрабаваць, каб пасадзіць у вязніцу. Аднак Хрыстос ясна адказаў: “Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”. Кожны, хто прагне жыць Евангеллем, павінен вучыцца аддаваць Усемагутнаму тое, што належыць Яму, а часовым кіраўнікам – што ім належыць, памятаючы: да Стварыцеля вядзе праўда, якая мае вечнае вымярэнне.