XXVІ Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: “Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: «Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку». Але той адказаў: «Не хачу!». А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: «Ужо іду, спадару».
    І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?”. Кажуць Яму: “Першы”. Тады Езус кажа ім: “Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае.
    Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму”.
Мц 21, 28–32

Вярнуцца да Бога ніколі не позна!
    Часта словы значна менш важныя, чым дзеянне, акт навяртання і вера. Езус скіраваў такі зварот да першасвятароў і старэйшын, якія, сказаўшы Богу “так”, дапусцілі, што іх рэлігійнасць стала звычкай. Людзі ж, якія церпяць з-за грахоў і тужаць па чыстым сэрцы, бліжэй да Божага Валадарства, чым “царкоўныя руцінёры”, якія бачаць у Касцёле толькі механізм і, насамрэч, з’яўляюцца абыякавымі да веры. Як сцвярджае св. Ігнацый, “лепш быць католікам, хрысціянінам, не гаворачы аб гэтым, чым расказваць пра гэта, не будучы такім”.
    Словы Езуса павінны схіліць да рэфлексіі і страсянуць кожнага. Стан духоўнай слепаты пагаршаюць адсутнасць пакоры і “манія нявіннасці”, у якой жывём і на якую хварэем. Мы пакідаем працэс навяртання таксама з-за страху перад сакрамантам споведзі, павярхоўным стаўленнем да яго. “Толькі той, хто верыць у Бога, верыць таксама ў прабачэнне. І хто верыць у прабачэнне, здольны прызнацца ў граху”, – адзначае папа на пенсіі Бенедыкт XVI. Не ўзбаімся ж вяртацца да Пана!