XV Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. І шмат гаварыў ім ў прыпавесцях, кажучы: “Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні, і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае!”.
Мц 13, 1–23

Якая глеба ў нашым сэрцы?
    Дадзеная прыпавесць пра сейбіта ў пэўнай меры ўздымае пытанні аб нашых адносінах з Божым словам. Па-першае, як яго слухаем і наколькі разумеем ці, хаця б, імкнёмся зразумець. Па-другое, наколькі мы настойлівыя, г. зн. як моцна стараемся трываць у Хрысце, калі вымушаны змірыцца з незразуменнем, уціскам і нават пераследам. Па-трэцяе, ці не дазваляем часовым клопатам, багаццям, каштоўнасцям гэтага свету нас паглынуць, бо яны пазбаўляюць Божых пладоў. І, урэшце, ці прыкладваем намаганні, каб рэалізаваць Слова, любіць іншых, ці верныя мы Хрысту па-за сценамі касцёла.
    Сённяшняе Евангелле з’яўляецца своеасаблівым рахункам сумлення з нашага рэлігійнага жыцця, вернасці Божаму слову і быцця хрысціянамі. Якой глебай з’яўляецца нашае сэрца? Як глыбока ў душу трапляе Божае слова? Ці можа яно прарасці ў нас, прынесці плён, перамяняючы нас саміх, а таксама тых, хто знаходзіцца побач?