Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Ян 3, 16–18

Святая Тройца – крыніца любові
    У літургіі Касцёла ў гэты дзень разважаем над адной з найважнейшых ісцін веры і, разам з тым, адной з тых, якія цяжэй за ўсё зразумець – праўдай аб Богу Адзіным у Тройцы: Айцу, Сыне і Святым Духу. За 20 стагоддзяў гісторыі хрысціянства шмат было сказана і напісана аб Святой Тройцы, аднак Яна надалей застаецца таямніцай, якую мы не можам да канца зразумець.
    Дадзены фрагмент Евангелля ўтрымлівае вельмі яснае паведамленне, якое датычыць Святой Тройцы: Бог паслаў свайго Сына ў свет з любові да чалавека, каб паказаць яму дарогу да збаўлення, па якой сёння вядзе Святы Дух. І здаецца, што няма прасцейшага паслання, чым любоў, якую Стварыцель аб’явіў нам праз Езуса Хрыста. Яе мова зразумелая кожнаму, паколькі любоў з’яўляецца тым, чаго мы ўсе патрабуем, шукаем. Праз яе можна ўчыніць вялікія рэчы. Нашым адказам на дадзенае пасланне павінна быць узаемнасць праз прыняцце любові і рэалізацыю яе ў сваім жыцці.
    Бог ёсць Любоў. І гэтай любові Ён хоча навучыць нас, таму што прагне збаўлення чалавека. Мы павінны ўсвядоміць сабе гэта, паколькі “нас будуць судзіць з любові”, як напісаў св. Ян ад Крыжа. Таму не будзем забывацца, пра што гаворыць сённяшняе Евангелле: Святая Тройца – крыніца сапраўднай любові.