VІІ Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: “Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету. Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне. Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё – гэта Тваё, і Тваё – гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе”.
Ян 17, 1–11а

Здзейсніць правільны выбар
    Бог стварыў прыгожы, цудоўны свет. Сёння ж мы з’яўляемся сведкамі таго, як ён знішчаецца. Гэта адбываецца рознымі спосабамі. Зараз у свеце размываюцца або ўвогуле сціраюцца сляды Пана. Паволі вядучыя пазіцыі займаюць нянавісць, разлад і хаос. Ланцуг разбурэнняў, зняволенняў, беззаконня, несправядлівасці і пакут цягне за сабой сам чалавек, ігнаруючы такім чынам Божую думку і, разам з тым, сэнс існавання свету.
    Мы ўсе можам выбіраць, на чый бок стаць – дабра ці зла, Усемагутнага ці д’ябла. Абіраючы Стварыцеля, павінны клапаціцца аб лепшай атмасферы на працы і ў штодзённым жыцці. Перастаньма наракаць – трэба пачаць штосьці рабіць. Да таго ж, Бог спаслаў свайго Сына і Духа Святога, каб збавіць нас, каб навучыць міласэрнасці. Езус цярпліва чакае любові чалавека ажно да канца яго зямной вандроўкі.