V Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус сказаў сваім вучням: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце”. Кажа яму Тамаш: “Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?”. Езус сказаў яму: “Я – дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.
    Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі”. Філіп кажа Яму: “Пане, пакажы нам Айца і хопіць нам”. Адказаў яму Езус: “Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца. То чаму ты кажаш: «Пакажы нам Айца»? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Але Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы свае. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца Майго”.

Ян 14, 1–12


Езус – дарога сапраўднага жыцця
   Каб перамясціцца з аднаго пункта ў другі, неабходна пераадолець шлях. І таму, мабыць, кожны з нас, нягледзячы на тое, хоча гэтага ці не, з’яўляецца ўдзельнікам дарожнага руху. Ён адсутнічае толькі тады, калі няма наступных элементаў: таго, хто ідзе або едзе, ці таго, па чым ісці або ехаць. Дарога нашага жыцця – гэта Езус, аб чым Ён сам гаворыць у Евангеллі. Хрыстос надае сэнс любому падарожжу. Кожны шлях – праезжая частка, пешаходная ці веласіпедная дарожка – мае свой пачатак і канец. Пачатак хрысціянскай дарогі знаходзіцца ў сакраманце хросту, а яе мэта – вечнае жыццё. Сама ж дарога – няроўная, пятляючая, якая вядзе ўгару – падобна на Крыжовы шлях Езуса. Прайсці гэтым шляхам – заданне кожнага з нас. Аднак гэта немагчыма без Таго, хто ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём.