III Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Іерусаліма. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: “Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?”. І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: “Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Іерусаліме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася”. І спытаў у іх: “Што?”. [...] І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: “Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае”. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, блаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: “Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?”. І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Іерусалім, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: “Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону”. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Лк 24, 13–35


Іншы спажытак
   Гэты фрагмент Евангелля гаворыць аб тым, як вучні, што ішлі ў Эмаус, пазналі Пана ў ламанні хлеба, сімвалізуючага Эўхарыстыю. Здаецца, змест урыўка актуальны таксама і сёння. Нашае жыццё з’яўляецца дарогай. Каб падарожнічаць, чалавеку неабходна ежа для цела – хлеб. Аднак павінен быць таксама іншы спажытак – для духа.
    Мы падобныя да вучняў па дарозе ў Эмаус. Момант ламання хлеба, а значыць удзел у Эўхарыстыі, дазваляе ўсвядоміць, якое месца Хрыстос займае ў жыцці кожнага з нас. Св. Імша з’яўляецца асаблівым момантам набліжэння да Збаўцы, пазнання Яго настолькі, наколькі гэта магчыма для нас у дадзеную хвіліну. Занядбанне Эўхарыстыі, у кожным значэнні гэтага слова, забірае здольнасць заўважаць прысутнасць Езуса ў сваім жыцці: мы не бачым Яго, не адчуваем, не распазнаём.