V Нядзеля Вялікага Посту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Сёстры паслалі сказаць Езусу: “Пане, той, каго Ты любіш, хворы”. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: “Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе”. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: “Пойдзем зноў у Юдэю”. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: “Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе”. Езус сказаў ёй: “Уваскрэсне брат твой”. Марта сказала Яму: “Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень”. Езус сказаў ёй: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?”. Яна адказала Яму: “Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет”. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: “Дзе вы паклалі яго?”. Адказалі Яму: “Пане, ідзі і паглядзі”. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: “Глядзі, як Ён любіў яго”. А некаторыя з іх сказалі: “Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?”. Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: “Адсуньце камень”. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: “Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр”. Езус кажа Ёй: “Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?”. Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: “Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне”. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: “Лазар, выйдзі вонкі”. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: “Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць”. Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45


Галоўнае – вера
   Паводзіны Езуса могуць здзівіць кожнага. Навошта дапускаць, каб Лазар – блізкі сябар Настаўніка з Назарэта, якога Ён вельмі любіў – памёр ад хваробы? Ці можа лекар пакінуць пацыента без лячэння, асабліва тады, калі пацыент – блізкая яму асоба?
    Цяжка зразумець Езуса з людскога пункту гледжання. Аднак, калі мы ўспомнім, што Хрыстос усемагутны, можам убачыць у Яго дзеяннях Божую логіку. Езус “спазніўся” дзеля хвалы Пана, “каб Сын Чалавечы праславіўся”. Гэта было ў планах Усемагутнага, бо не так думае Бог, як чалавек. Можна меркаваць па тым, што больш людзей паверыла ў Езуса пасля цуду ўваскрашэння, чым калі Хрыстос вылечыў бы свайго сябра. Адзіным патрабаваннем Збаўцы для здзяйснення цуду была вера, якую мела Марта.
    Задумайся: ці маеш сапраўдную веру, якая згаджаецца з воляй Бога нават тады, калі не разумееш, чаго Ён ад Цябе хоча? Ці Ты заўсёды паслухмяны Богу?