ХVI Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. I Ён сказаў ім: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. I адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.
    I ўбачылі, што яны адплылі. I шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. I пачаў іх вучыць многаму.

Мк 6, 30–34


Божыя канікулы
   З пададзенага вышэй фрагмента Евангелля вынікаюць тры важныя ісціны. Першая: абвяшчэнне Добрай Навіны заўсёды знойдзе слухачоў, і ніколі тыя, хто аддае сябе гэтаму занятку, не застануцца без працы.
    Зацікаўленасць Евангеллем звязана з рацыянальнымі карысцямі – яго слухачы атрымліваюць шмат ласкаў і таму заўсёды будуць зацікаўлены асобай Езуса. Другая ісціна: праца абвяшчэння Евангелля можа аказацца настолькі стамляльнай, што будзе патрабаваць перыядычнага адпачынку. Чалавек, заганяны рознымі абавязкамі перад іншымі, павінен знайсці таксама час для сябе, каб у цішыні і засяроджанні паразважаць над сэнсам сваіх намаганняў. Падказка Езуса, каб для адпачынку пайсці на пустыннае месца, раіць таксама асабістую сустрэчу з Богам, які прамаўляе ў цішыні і адзіноце. І трэцяя ісціна: вучань Хрыста можа зрабіць спробу хвілінна адысці ад людзей, але не можа ўцякаць ад іх! Хрысціяніну заўсёды спадарожнічае адказнасць за бліжняга. Пан Езус не пакідае сумненняў, што нават на хвіліну нельга перастаць быць Яго вучнем. Асабліва тады, калі свет чакае Добрай Навіны.