VII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў сваім вучням: “Вы чулі, што сказана: «Вока за вока і зуб за зуб». А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.
    Вы чулі, што сказана: «Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго». А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
    Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”.

Мц 5, 38–48


Самая складаная любоў
   Як спалучыць ідэю Божай міласэр-насці з Божай справядлівасцю? За патрабаваннямі Евангелля ўтоена пэўнасць веры, што ў канцы свету на судзе мы сустрэнемся са спра-вядлівым і адначасова міласэрным Богам.
    “Любіце ворагаў вашых”, – уразіла тады слухачоў Езуса, а нас сёння ўводзіць у замяшанне. Як жа любіць ворагаў? Яшчэ “не ненавідзьце”, можа, можна было б прыняць. Але “любіце”? Аднак, менавіта так пастаўлена пытанне! І ў нас няма вялікага выбару. Як вучні Хрыста мы не толькі павінны слухаць навуку Настаўніка і старацца яе зразумець, але, як мінімум, спрабаваць паводле яе наладжваць сваё жыццё. Дадайма – не толькі сваё зямное жыццё, але і вечнае. Нас падбадзёрвае і дадае адвагі ўпэўненасць, што мы не застаёмся з гэтым сам-насам.