Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў: “Супакой вам”.
Устрывожаныя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: “Чаму засмуціліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю”. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.
А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: “Ці маеце тут што з’есці?” Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.
I сказаў ім: “Гэта словы мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах”. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.
I сказаў ім: “Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы – сведкі гэтага”. †
Лк 24, 35-48