Заступнік нашай дыяцэзіі

Сябры Бога

4 сакавіка каталіцкі Касцёл адзначае свята св. Казіміра. Прайшло ўжо звыш 500 гадоў з хвіліны яго смерці, аднак, штогод мы ўспамінаем пра ягоную постаць. Чаму можна навучыцца ад гэтага святога? Мы жывём у зусім іншых палітычных, культурных і грамадскіх умовах. Штодзённае жыццё прыносіць кожнаму з нас зусім іншыя праблемы. Аднак каштоўнасці, якімі жыў святы, застаюцца вечнымі. Святы Казімір з’яўляецца сведкам Хрыста і прыкладам вернасці Евангеллю.
Святы Казімір-каралевіч нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Кракаве ў Вавельскім замку. Кароль Казімір Ягелончык і Альжбета Ракуская, дачка імператара Германіі Альбрэхта II, былі яго бацькамі. Казімір быў выхаваны выдатным гісторыкам кс. Янам Длугашам у духу глыбокага патрыятызму і рэлігійнасці. З самых ранніх гадоў свайго жыцця малады каралевіч прысвячаў шмат часу малітве. Яго бацькі былі вельмі рэлігійнымі: штодзённа яны ўдзельнічалі ў св. Імшы, засноўвалі касцёлы і кляштары, паломнічалі на Ясную Гару.
Жыццё св. Казіміра развівалася пад уплывам францысканскай духоўнасці, дзе галоўны акцэнт рабіўся на аскетызме. Спецыфіка яго пабожнасці - шматгадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ён лічыў самай важнай справай свайго жыцця: браць прыклад з Хрыста. Найсвяцейшая Марыя Панны іграла ў яго жыцці вялікую ролю. Пра яго пісалі, што ён спаў на цвёрдай зямлі, насіў власяніцу і сціплае адзенне, пазбягаў забаваў і адпачынку, пагарджаў пасадамі і ўшанаваннямі, часта пасціў і доўгія гадзіны праводзіў у святыні, молячыся там, а нават ля яе парогу ноччу, калі былі зачынены дзверы. Святы Казімір гаварыў пра сябе, што “каралевіч не можа нічога рабіць больш высакароднейшага, чым служыць самому Хрысту ва ўбогіх”.
    Паўсюдна людзі здзіўляліся мудрасці і сталасці маладога каралевіча. Ён спалучаў дасканала палітычную дзейнасць з кантэмпляцыйным жыццём. Каралевіч прымаў удзел у розных з’ездах і нарадах, суправаджаў бацьку ў важных дзяржаўных справах. Каралевіч лічыў, што чыста людскія высілкі недастатковы, каб быць справядлівым уладаром народу, патрэбна яднацца з Валадаром усяго свету, ад якога паходзіць уся ўлада. Святы Казімір паказаў сваім прыкладам, што жывучы на каралеўскім двары, маючы ў руках уладу і багацце, можна стаць святым.
    Хутчэй за ўсё, што каралевіч Казімір склаў шлюб чысціні. І менавіта яго ён назваў у якасці прычыны, з-за якой у 1481 г. супраціўляўся бацькоўскім планам яго сужэнства з дачкой імператара Германіі Фрыдэрыка III.
    Святы Казімір зносіў смяротную хваробу з вялікай цярплівасцю і спакойна. 4 сакавіка 1484 г. ён памёр ад туберкулёзу па дарозе ў Вільню, куды быў выкліканы бацькам. Пахавалі каралевіча ў віленскай катэдры, у капліцы імя Найсвяцейшай Панны Марыі. З той пары гэтая святыня стала месцам пілігрымкаў.
    У 1518 г. пасля перамогі польска-літоўскіх войскаў над маскоўскімі пад Полацкам людзі лічылі, што гэта адбылося, дзякуючы заступніцтву святога Казіміра. Яго родны брат кароль Зыгмунт Стары выслаў у Рым просьбу аб кананізацыі Казіміра. У 1521 г. папа Леў X выдаў кананізацыйную булу, якая прапала. Пасля новых старанняў 7 лістапада 1602 г. папа Клеменс VIII выдаў новую кананізацыйную булу. Калі ў 1602 г. з нагоды кананізацыі была адкрыта магіла Казіміра, то яго цела не закранула гніенне, нягледзячы на вялікую вільготнасць грабніцы.
    Заступніцтву святога Казіміра прыпісваюць таксама чарговыя перамогі над шведамі:пад Кохэнхаўзэнам, пад Белым Каменем і пад Кірхольмам.
    На працягу 400 гадоў у дзень св. Казіміра ў Вільні адбываецца адпустовая ярмарка, так званыя казюкі. Цяпер – гэта трохдзённы кірмаш, які праходзіць у розных месцах горада, спалучаны з артыстычнымі выступленнямі. Тут можна сустрэць шмат цікавых рамесных мастацкіх і народных вырабаў.
    У іканаграфіі атрыбутам святога з’яўляецца княжацкая мітра. Мастакі малююць святога Казіміра са скруткам у далоні, на якім напісаны словы лацінскага гімну дзеля ўшанавання Марыі Панны “Omni die dic Mariat”. Часта яго прадстаўляюць на абразах у княжацкім адзенні з ліліяй у руках або каралевіч кленчыць ноччу перад дзвярамі катэдры, каб падкрэсліць яго гарачае набажэнства да Найсвяцейшага Сакрамэнту.