Бэнэдыкт XVI - у Беларусі?

Свет

“Беларусь чакае прыезду Бэнэдыкта XVI у будучым годзе” – заявіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у размове з каталіцкім інфармацыйным агенцтвам 6 кастрычніка б.г. падчас свайго ўдзелу ў пасяджэнні пленарнага епіскапата Польшчы ў Варшаве. Мітрапаліт сказаў, што афіцыйнае запрашэнне прыехаць у нашую краіну біскупы Беларусі перададуць Папу падчас візіта Ad Limina Apostolorum у Ватыкане ў снежні гэтага году. Арцыбіскуп нагадаў, што некалькі разоў ён сам асабіста запрашаў Папу (падчас розных аўдыенцый) прыехаць у наш край, на што Святы Айцец адказваў: “Як Бог дазволіць і адкрыюцца дзверы”. “Таму мы молімся і чакаем, каб адкрыліся дзверы і да нас прыехаў Святы Айцец” – дадаў беларускі іерарх. Праўдападобны тэрмін візіту – гэта вясна ці лета 2010 г. Апрача Мінска Папа мог бы наведаць самы вялікі Марыйны санктуарый Беларусі ў Будславе.