Св. Антоній Падуанскі: заступнік згубленых асоб і рэчаў

Нашы заступнікі перад Богам

antoniАдзін з найпапулярнейшых святых. Хіба, няма касцёла, у якім не было б алтара, фігуры ці абраза св. Антонія. З’яўляецца заступнікам ордэнаў францысканцаў, антанінак і многіх брацтваў; дзяцей, шахцёраў, сужэнстваў, нарачоных, парадзіх, убогіх, падарожнікаў і інш.
Касцёлы
   не ўмяшчалі
   яго слухачоў

    Фернанда дэ Буён з’явіўся на свет у 1195 годзе ў Лісабоне (Партугалія). Паміж 15-цю і 20-цю гадамі ўступіў у ордэн Рэгулярных Канонікаў св. Аўгустына. Вывучаў тэалогію ў Каімбры. Там жа ў 1219 годзе прыняў святарскае пасвячэнне.
    Моцнае ўражанне на яго аказала сустрэча з 5-цю францысканцамі, а асаблівым чынам іх просты і ўбогі стыль жыцця. Айцы накіроўваліся ў Афрыку, каб абвяшчаць Божае слова. Пачуўшы пра іх смерць, Фернанда ўспрыняў гэта як Божы заклік, уступіў у супольнасць францысканцаў і атрымаў імя Антоній. Вырашыў накіравацца ў Марока, каб абвяшчаць Евангелле язычнікам нават цаной свайго жыцця, але з-за цяжкай хваробы мусіў вярнуцца. Аднак скіраваўся не на радзіму, а ў Італію.
У Асізі сустрэў св. Францішка. Браты, разглядзеўшы гамілетычны талент Антонія, прызначылі яго генеральным прапаведнікам ордэна. Манах падарожнічаў па гарадах і вёсках, заклікаючы людзей да навяртання і пакаяння. Прамаўляў казанні ў Францыі, дзе эфектыўна процідзейнічаў альбігенсам. Красамоўства, святасць і незвычайныя дары (аздараўленне, чытанне ў сумленнях, білакацыя) збіралі побач з прапаведнікам настолькі вялікія натоўпы, што ён быў вымушаны прамаўляць на плошчах, бо касцёлы не маглі змясціць усіх слухачоў. Вялікае ўражанне пропаведзі Антонія аказалі і на папу Рыгора IX, які слухаў яго ў Рыме.
   Манах працаваў нястомна і адзначаўся незвычайнай памяццю. Ведаў Біблію настолькі дасканала, што пра яго казалі: “Калі б усе Святыя Пісанні знішчылі, Антоній мог бы прадыктаваць тэксты сакратару, каб такім чынам аднавіць іх”.
   У 1230 годзе Антоній адмовіўся ад усіх манаскіх пасад і накіраваўся ў Падую. Ужо тады ён быў цалкам вычарпаны працай. Памёр 13 чэрвеня 1231 года. 30 мая 1232 года далучаны папам Рыгорам IX да ліку святых. Гэта быў самы хуткі кананізацыйны працэс у гісторыі Касцёла! Папская камісія сцвердзіла, што за гэты час праз заступніцтва Антонія Падуанскага пяцёра чалавек аздаравіліся ад параліча, сямёра сляпых атрымалі зрок, трое глухіх – слых, двое нямых – мову, а яшчэ 2 асобы былі ўваскрэшаны з памерлых.
   Калі праз 30 гадоў адкрылі труну святога, аказалася, што яго цела цалкам разлажылася, а язык і галасавыя звязкі ацалелі. Пры яго магіле да гэтага часу адбываюцца шматлікія цуды.
   
    Чаму можам навучыцца
   ў св. Антонія Падуанскага?

    Прыкладам свайго жыцця святы заахвочвае сучасных людзей да 2-ух вялікіх заданняў: абвяшчаць Добрую Навіну пасродкам новай евангелізацыі, а таксама выхоўваць у сабе адчувальнасць на іншага чалавека.
   
    Цікава!
    Побач з фігурай святога ў касцёлах можна ўбачыць скарбонку з надпісам “Хлеб св. Антонія”. Гэты звычай з’явіўся ў Тулузе (Францыя) у 1886 годзе. Міласціну для бедных пачалі злучаць з просьбай да святога ці падзякай яму за выпрашаную ласку.
   
    З вуснаў святога
    “Чалавек сталее ў пакоры сэрца. Чым больш ён памяншацца ў сабе, тым больш Бог узрастае ў ім”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Антонія Падуанскага 13 чэрвеня.