Св. Леапольд Мандзіч: заступнік спаведнікаў і пэнітэнтаў

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі св. Леапольд Мандзіч прадстаўлены ў капуцынскім хабіце. Часта са святарскай стулай фіялетавага колеру і з выцягнутай рукой, што сімвалізуе адпушчэнне грахоў.Святы быў сапраўдным “гігантам” споведзі. Некаторыя абураліся, што святар занадта лёгка адпускае грахі. У адказ ён гаварыў: “Пане, даруй мне, што зашмат прабачыў, але гэта Ты паказаў мне такі «дрэнны» прыклад”.
Малы вялікі святы
    Багдан Мандзіч нарадзіўся 12 мая 1866 года ў Герцэг-Нові ў Далмацыі (сёння Чарнагорыя, недалёка ад мяжы з Харватыяй). Ва ўзросце 16-ці гадоў паступіў у семінарыю капуцынаў. Праз 8 гадоў атрымаў святарскія пасвячэнні ў Венецыі (Італія).
    Як малады святар а. Леапольд (яго манаскае імя) выглядаў незвычайна. Ростам быў каля 140 см, кульгаў, гаварыў невыразна, заікаўся, меў пачырванелыя вочы і скручаныя прагрэсіруючым артрытам рукі. Гэтыя фізічныя асаблівасці паспрыялі таму, што ў якасці душпастырскага абавязку яму быў даручаны толькі сакрамант паяднання. І менавіта з гэтым заданнем у 1906 годзе а. Мандзіч прыбыў у Падую, дзе заставаўся да самай смерці.
Першапачаткова святар прымаў грэшнікаў у канфесіянале. З часам – у малым душным памяшканні, якое называлі “кабінетам гасціннасці”. Напэўна, з-за таго, што яго гаспадар кожнага пэнітэнта ўспрымаў як госця і вітаў таго стоячы: “Хадзі, хадзі. Калі ласка, сядай”. Тым, хто выглядаў вельмі заклапочана, казаў: “Калі ласка, не бойся. Не саромейся”.
    Здаралася таксама так, што, выходзячы са свайго “кабінета”, а. Леапольд, кіруемы звышнатуральным веданнем, адным толькі позіркам і словам садзейнічаў споведзі кагосьці, хто раней абсалютна не меў намеру да яе прыступаць. Людзі, якія прыходзілі да манаха, расказвалі пазней, што святар, здаецца, ведаў пра іх правіны яшчэ да раскрыцця, таму што наводзіў на тыя грахі, пра якія забыліся расказаць, ці на тыя, што былі занадта цяжкія для таго, каб самастойна іх прызнаць.
    Парады, дадзеныя а. Мандзічам на споведзі, звычайна былі кароткімі і змястоўнымі. Прыкладам можа паслужыць павучэнне, скіраванае Барнабе Габіні – апошняму чалавеку, які прыступіў у яго да споведзі. Святар сказаў пэнітэнту толькі адзін сказ: “Лепш памерці, чым зняць хабіт”. А. Леапольд спавядаў… ад 12-ці да 15-ці гадзін у дзень! А калі ахвотнікаў было вельмі шмат, не рабіў перапынкаў нават на тое, каб штоебудзь з’есці. Памёр 30 ліпеня 1942 года ва ўзросце 76-ці гадоў, пераможаны ракам. Беатыфікаваны папам Паўлам VІ 2 мая 1976 года, кананізаваны папам Янам Паўлам ІІ 16 кастрычніка 1983 года.
   
    Чаму мы можам навучыцца
   ў св. Леапольда Мандзіча?

    Ён дапамагае нам, сучаснікам, адкрыць харызму, якой маем служыць нашым бліжнім. Спаведнікаў натхняе ў іх паслузе міласэрнасці. Пэнітэнтаў пераконвае, што варта заўсёды мець чыстае сэрца і ніколі не баяцца споведзі.
   
    Цікава!
    У маі 1944 года падуанскі кляштар быў знішчаны ў выніку бамбардзіроўкі. Ацалела толькі келля а. Леапольда. Да сёння можна ўбачыць старое крэсла і сцёрты каленямі тысяч пэнітэнтаў кленчнік. Відаць, Бог хацеў, каб келляканфесіянал св. Леапольда захавалася для патомкаў як бачны сімвал Яго міласэрнасці, аказанай праз паслугу святара.
   
    З вуснаў святога
    “Тым, каго я спавядаў, даю лёгкую пакуту, таму яе рэшту павінен сам за іх адправіць”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Леапольда Мандзіча 12 мая.