Св. Палікарп Смірнскі: заступнік церпячых праследаванне

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі св. Палікарп прадстаўлены як мучанік ці як біскуп.Належыць да кола Апостальскіх Айцоў, якія дэпазіт веры і пераемнасць Традыцыі прынялі з рук бліжэйшых вучняў Хрыста. Да самага канца старанна абараняў артадаксальнасць, упэўніваючы ў ёй сваю паству. Аддаў жыццё за веру ў Езуса.
Спяваў на кастры
    Дакладнае месца нараджэння святога невядома. Хутчэй за ўсё, гэта была Азія, паколькі ведаем, што евангеліст Ян скіраваў яго на навучанне ў Смірну (сёння горад Ізмір у Турцыі), дзе пазней той стаў ардынарыем. Ва ўзросце 30-ці гадоў прыняў святарскія пасвячэнні. Біскупскую сакру – паводле сведчання Тэртуліяна і Гераніма – яму ўдзяліў умілаваны вучань Хрыста.
    Вернікі дыяцэзіі вельмі паважалі біскупа Смірны. Аднак язычнікі здолелі падбухторыць натоўп супраць яго. Нагодай для гэтага сталі ганенні на хрысціян, распачатыя вядомым, але яшчэ не здольным зразумець “рэлігію Назараніна” імператарам-філосафам Маркам Аўрэліем.
    Вернікі пераканалі біскупа ўцячы з горада. Але ён зрабіў гэта хутчэй дзеля сваёй паствы, чым дзеля самога сябе.
На жаль, імператарскія памагатыя ў рэшце рэшт знайшлі біскупа ў вясковым доме, дзе хаваўся. Старац прывітаў іх спакойна, нават запрасіў праследавацеляў на абед. Даў зразумець, што ведае, навошта яны прыйшлі, і гатовы да смерці. Сам жа толькі папрасіў гадзіну, каб памаліцца.
    Суддзя звярнуўся да яго з традыцыйнай у імперыі прапановай: “Вырачыся Хрыста, прамоў багахульства супраць Яго і запалі кадзіла ў гонар нашых багоў, каб застацца жывым”. Аднак св. Палікарп больш чым зямнога жыцця прагнуў дасягнуць вечнасці, якая чакала за брамамі гэтага апошняга на зямлі цярпення. Ён вызнаў, што на працягу многіх гадоў служыць Хрысту Валадару і не пакіне Яго святую веру. На пагрозу суддзі аб тым, што будзе спалены зажыва, ахвотна пагадзіўся, бо раней атрымаў ад Бога абяцанне, што Усемагутны дадасць яму мужнасці падчас кары. Сказаў тады, што не баіцца агню, які гасне, аднак існуе і нязгаснае полымя, пра якое не ведаюць шанавальнікі ідалаў.
    Калі святы ўвайшоў у палаючы касцёр, здарыўся цуд – полымя агарнула яго постаць, не датыкаючыся і не шкодзячы целу. Раз’юшаныя язычнікі сталі крычаць, каб старца прабілі дзідай. Гэта і было ўчынена. Згодна з паданнем, з грудзей біскупа вылілася столькі крыві, што яна згасіла агонь.
    Чаму мы можам навучыцца
   ў св. Палікарпа?

    Святы заклікаў хрысціян да еднасці, ласкі і стойкасці ў веры. Заахвочваў да ўзаемнай любові і пазбаўлення ад усіх прадузятасцей адносна іншага чалавека. Сёння гэты заклік асабліва актуальны. Сучасны чалавек патрабуе трывання ў Божай міласці, а таксама супакою і любові ў сям’і і акружэнні.
    Цікава!
    Св. Палікарп упершыню для таго, каб акрэсліць меншую хрысціянскую супольнасць, ужыў слова “paroikia”, што паходзіць ад грэчаскага дзеяслова, які азначае “жыць сярод чужых”. Ад яго пасля і ўтварылася паняцце “парафія”.
   З вуснаў святога
    “Давайце заўсёды будзем з Тым, хто з’яўляецца нашай надзеяй і задаткам нашай справядлівасці, з Езусам Хрыстом, які ў сваім целе панёс нашыя грахі на дрэва, які не ўчыніў граху, а ў Яго вуснах не было падману. Ён для нас, каб мы жылі, выцерпеў усё” (Ліст да Касцёла ў Філіпах).
   Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Палікарпа Смірнскага 23 лютага.