Св. Ян Боско: заступнік моладзі

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі св. Ян Боско адлюстраваны як святар у манаскай сутане. Часцей за ўсё паказаны ў акружэнні моладзі.Святы ўсім сэрцам палюбіў моладзь. Будаваў святыні, школы і навучальныя ўстановы. Дапамагаў маладым людзям здабыць адукацыю, прафесію... Непахісна ўказваў ім правільную для хрысціяніна мадэль жыцця. Быў стварыцелем арыгінальнай у сваёй прастаце сістэмы выхавання, якая абапіралася на розуме, рэлігіі і любові. Аб яе плённасці сведчыць узнясенне да хвалы алтара выхаванца кс. Яна Боско – св. Дамініка Савіо.
Харызматычны выхавацель
    Ян Боско нарадзіўся ў беднай сям’і п’емонцкіх сялян 16 жніўня 1815 года ў мястэчку Бэкі каля Турына (Італія). Бацька памёр, калі хлопцу было ўсяго 2 гады. Яго і яшчэ 2-іх братоў выхоўвала маці.
    З ранняга дзяцінства вялікую радасць хлопцу прыносіла малітва і размовы пра Бога. I св. Камунію прыняў ва ўзросце 11 гадоў. Пасля заканчэння пачатковай школы працягваў навучанне, самастойна зарабляючы грошы на ўтрыманне і зяняткі. Пасля выпуску паступіў у духоўную семінарыю ў Турыне. Яго духоўным айцом быў св. Джузэпэ Кафаса.
Атрымаўшы святарскае пасвячэнне 5 чэрвеня 1841 года, распачаў душпастырскую працу: спачатку сярод хворых і вязняў, а затым сярод моладзі.
    Прагнуў фарміраваць розумы і сэрцы маладых у духу Евангелля. Забараніў выкарыстоўваць цялесныя пакаранні. Лічыў, што выхавацель павінен быць для падапечных найперш сябрам. Святар валодаў нязвыклым педагагічным дарам, мог уплываць на сэрцы дзяцей і моладзі. Абуджаў давер і лячыў эмацыянальныя раны. І ўсё гэта рабіў з Панам Езусам, які быў для кс. Яна Боско галоўным і найлепшым Выхавацелем.
    Па ініцыятыве будучага святога паўсталі пачатковыя і прафесійныя школы, інтэрнаты. У паслузе святару дапамагала яго маці, якая пасялілася ў араторыі ў Турыне.
    У 1859 годзе кс. Боско заснаваў Салезіянскае Таварыства.
    З 1872 года выхаваўчую справу падтрымлівалі сёстры з Кангрэгацыі Дачок Марыі Дапаможніцы Вернікаў, якія пачалі апекавацца дзяўчатамі.
    Кс. Боско прапагандаваў форму кішэннай кніжкі евангелізацыйнага, гістарычнага ці місійнага зместу. Пісаў аскетычныя тэксты. Для іх стварэння натхняўся духоўнай мудрасцю св. Францішка Сальскага. Умеў выкарыстоўваць прэсу з апостальскай мэтай. Развіваў выдавецкую працу. Заснаваў у Турыне ўласную друкарню.
    На працягу ўсяго жыцця верна служыў Хрысту, а Настаўніцай была яму Марыя, якую палюбіў як Дапаможніцу вернікаў. Дэвіз “Дай мне душу, астатняе забяры” быў для святога дарогай увасаблення Евангелля ў штодзённасць.
    Святар адышоў да Пана 31 студзеня 1888 года. У розных частках свету пакінуў пасля сябе мноства пляцовак, дзе душпастырскай і выхаваўчай працай па сёння займаюцца ксяндзы салезіяне. Іх дзейнасць нястомна развіваецца. Прадстаўнікі супольнасці служаць таксама ў Беларусі.
   
    Чаму мы можам навучыцца
   ў св. Яна Боско?

    Кс. Ян Боско вучыць прымаць у пакоры і са спакойным сэрцам тое, што прыносіць штодзённае жыццё: разнастайныя клопаты, цяжкасці і праблемы, а нават цярпенні, якія, мабыць, перажывае кожны. Вучыць трываць пры Богу ва ўсе гадзіны жыцця, а таксама ў хвіліну смерці. Прыгадвае, што для чалавека найважнейшым павінен быць клопат пра душу. Дарогай, якая вядзе да збаўлення, з’яўляецца святасць, пабудаваная на фундаменце Хрыстовых бласлаўленняў.
   
    Цікава!
    Кс. Ян Боско меў, найперш, дар чытаць у людскіх сумленнях, што дапамагала яму ў фарміраванні характараў даручанай Богам моладзі. Падчас беатыфікацыйнага працэсу многія сведчылі аб спазнаных цудах праз заступніцтва святога.
   
    З вуснаў святога
    “Пра Бога думайце з верай, пра бліжняга – з любоўю, пра сябе – з пакорай. Пра Бога гаварыце з абажаннем, пра бліжняга – так, як бы хацелі, каб пра вас казалі, пра сябе гаварыце з прыніжэннем або маўчыце”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Яна Боско 31 студзеня.