На першы погляд можа падацца, навошта маліцца за кагосьці, калі Бог у сваім Провідзе сам забяспечвае чалавеку найлепшы лёс? Але воля Усявышняга заключаецца ў тым, каб Яго дзеці любілі адзін аднаго. Малітоўная падтрымка выражае ўвагу і клопат пра бліжняга, неабыякавасць да яго жыцця. Гэта дазваляе ўбачыць блізкіх з той перспектывы, з якой іх бачыць Стварыцель.
Малітва – гэта выраз разумення, што над намі ёсць Бог, ад якога ўсё залежыць. Молячыся, мы прызнаём неабходнасць дапамогі з боку Таго, хто ведае, як будзе лепш, хто адорвае рознымі дабротамі і сам з’яўляецца Найвышэйшым Дабром, якое наталяе ўсе прагненні. Таму малітва так часта прыносіць палёгку, бо яна надзяляе пачуццём бяспекі: давераныя справы знаходзяцца ў руках Айца, які чувае над лёсам свету і кожнага чалавека. Вера падразумявае давер да таго, што міласэрны Бог падрыхтаваў для кожнага свой план, поўны любові і надзеі. Малітва ў пакоры азначае згоду на рэалізацыю гэтага плана.
†
У той жа час малітва не з’яўляецца ўцёкамі ад дзеяння ці нежаданнем супрацьстаяць нягодам. Яна не замяняе намагання зрабіць канкрэтны ўчынак. Малітва і дзеянне ўзаемна дапаўняюцца: адно прадугледжвае другое. Як гаварыў св. Ігнацый, “маліцеся так, быццам усё залежыць ад Бога, а рабіце так, быццам усё залежыць ад вас”.
Малітвы бываюць розныя: праслаўлення, падзякі, адкуплення ці перапрашэння, а таксама просьбы. Вернік можа маліцца як асабіста ў цішыні свайго сэрца (індывідуальна), так і супольна з іншымі (праз імшальную малітву вернікаў, папскія інтэнцыі, Ружанец, Вяночак, навэнны і г. д.). Адрозніваюць таксама малітву “завучаную” і разумовую (разважанне, медытацыя, сузіранне). Да таго ж, існуе мноства дапаможных сродкаў, каб навучыцца добрай малітве: кнігі, артыкулы, школы малітвы, малітоўныя сустрэчы і рэкалекцыі.
Скіроўваючы малітвы да Бога, вернік кіруецца жаданнем дабра для бліжняга і клопатам аб яго збаўленні. Асаблівае вымярэнне мае спалучэнне малітвы з постам: той, хто моліцца і ахвяруе, носіць кагосьці не толькі ў сваім сэрцы ці розуме, але і ў целе.
Каб уявіць моц малітвы, дастаткова ўспомніць св. Моніку, якая на працягу многіх гадоў нястомна малілася за свайго сына, выпрошваючы для яго ласку навяртання. Сёння св. Аўгусцін – адзін з самых вядомых святых каталіцкага Касцёла.
Асаблівай духоўнай дапамогі патрабуюць душы, якія адышлі ў вечнасць і цяпер ужо нічым не могуць сабе дапамагчы. Молячыся ў інтэнцыі памерлых, вернікі выпрошваюць для іх даравання кар і грахоў, здзейсненых на працягу жыцця. Такая малітва становіцца выразам сувязі зямнога і нябеснага Касцёлаў. Яна адкрывае на дапамогу святых і бласлаўлёных – тых памерлых, якія, з’яднаўшыся з Богам, заступаюцца за братоў, што жывуць на зямлі.
Сам Езус неаднойчы гаворыць, што просіць Айца за людзей. Перад Апошняй вячэрай Ён узносіць да Бога малітву за вучняў і за будучы Касцёл. “Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга” (Ян 17, 20), – гучыць з вуснаў Пана.
Просячы дароў для іншых, мы, перш за ўсё, павінны прасіць у імя Езуса, г. зн. прагнучы таго, чаго хоча Ён. „Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам” (Ян 16, 23), – гаворыць Хрыстос. Бо менавіта ў Ім знаходзіцца крыніца ласкаў, дзе адкрываецца струмень Божай міласэрнасці.
Калі б мы ведалі, як шмат залежыць ад гэтага акту міласэрнасці і колькі дабра можна праз яго выпрасіць для бліжніх, то маліліся б заўсёды, ва ўсіх сітуацыях размаўлялі з Богам.
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці: 1. Малітоўная паслуга міласэрнасці з’яўляецца абавязкам кожнага верніка. 2. Малітва стварае духоўную прастору бяспекі, прыняцця, надзеі. 3. Малітва дапамагае ў складаных сітуацыях, па-людску часта безнадзейных. 4. Праз малітву чалавек аддае “кантроль над сітуацыяй” Богу. 5. Ні адна малітва не бывае не выслухана: Бог адказвае на іх найлепшым з магчымых спосабаў. |
|
Як жа павінна выглядаць малітва за іншага чалавека? Найвялікшым дарам з’яўляецца святая Эўхарыстыя, дзе Хрыстос ахвяруе сябе за канкрэтную асобу, людзей. Прыдатныя традыцыйныя малітвы (Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці, літаніі і інш.). Яны набліжаюць чалавеку супакой і шчасце. Таксама як і малітва сваімі словамі, што выплывае з сэрца. Важна, каб кожная малітва была свядомай. Асаблівую ўвагу трэба звярнуть на адпуст (дараванне часовай кары за грахі). Ахвяруючы яго за іншага чалавека, неабходна быць у стане ласкі, вольным ад усякай прывязанасці да граху. Стараймася заўсёды памятаць пра тое, што праз малітву за бліжняга мы набліжаем яму шчасце! |
|