Учынак для душы бліжняга. Суцяшаць засмучаных

Роздум - Практыкаванні ў міласэрнасці

Тугу, сардэчны боль, заняпад сіл і цікавасці да жыцця звычайна адчувае засмучаны чалавек. Такі стан можа быць звязаны са стратай каго-небудзь або чаго-небудзь. І ўвесь свет тады падаецца нямілым. Рукі апускаюцца, увага рассейваецца.
    Але знешне не заўсёды можна заўважыць, якія пакуты раздзіраюць чалавека знутры. Часта людзі спрабуюць схаваць свой смутак або ўвогуле адмаўляюцца ад яго. Ім здаецца, што паказваць боль няправільна, непатрэбна. І тады чалавек застаецца сам-насам з няшчасцем. З-за гэтага іншыя людзі, якія знаходзяцца вакол, адчуваюць няёмкасць і разгубленасць, калі сустракаюцца з чужым горам. Якія словы сказаць? Чым суцешыць чалавека?
    Перш за ўсё, неабходна адкрыць сваё сэрца і ўпусціць у яго цярпенне бліжняга. Гэта няпроста, бо часам чалавеку даводзіцца сутыкацца з уласным эгаізмам, недахопам часу або жадання.
    Суцешыць засмучанага – значыць, выказаць сваю заклапочанасць словам, учынкам або малітвай. Неабходна ацаніць сітуацыю і па магчымасці справіцца з бядой чалавека. Нам заўсёды даступны словы: “я з табой”, “ты мне неабыякавы”, “усё будзе добра”, “можаш на мяне разлічваць”. Гэта не вырашае праблемы, але дазваляе па-іншаму паглядзець на сітуацыю. Чалавека можна раніць і сваёй нячуласцю, таму важна, каб суцяшэнне гучала шчыра. Сіла суцяшэння заключаецца не ў саміх словах, а ў блізкасці, неабыякавасці.
Часам дастаткова проста быць побач. На сваім Крыжовым шляху Хрыстос прыняў суцеху, якую дала Яму Маці. Яе прысутнасць была для Езуса крыніцай суцяшэння і ўзмацнення. Так, як Ян і Вераніка, як некалькі самых верных вучняў, мы павінны быць побач з тымі, хто пакутуе: так блізка, як толькі можна, так доўга, колькі трэба, так верна, наколькі гэта магчыма.
    Напоўніць душу бліжняга сілай і адвагай дапаможа заступніцкая малітва. Незаўважным для бліжняга спосабам можна зрабіць нашмат больш, чым прыкладаючы нейкія фізічныя намаганні.
    Акрамя духоўнай падтрымкі, чалавек можа мець патрэбу ў матэрыяльных рэчах. Часта засмучаны чалавек перастае адчуваць рэальнасць і не можа сказаць, што яму неабходна. Па гэтай прычыне трэба быць вельмі ўважлівым і чулым да бліжняга, быць гатовым адказаць на яго просьбы.
    Засмучаны чалавек востра патрабуе надзеі. Суцяшэнне павінна ўмацаваць жаданне несці крыж да самага канца, дадаць духа, каб суцяшаемы быў адкрыты на праблемы. Гэта значыць, неабходна дапамагчы чалавеку зразумець яго смутак і пераканаць у сэнсоўнасці і канечным эфекце перажытага балючага досведу. Бо калі ён прымаецца ў любові, то становіцца падобным на горкае семя, у якім заключана зерне новага жыцця, скарб Божай хвалы, якую чалавек атрымае ў вечнасці. Дзякуючы гэтай надзеі, пакутуючыя людзі, злучаныя ў веры з Хрыстом, адчуваюць ужо ў гэтым жыцці радасць, якая па-людску здаецца невытлумачальнай.
    Хтосьці можа сказаць, што сам перагружаны непрыемнасцямі і не мае сіл на тое, каб суцяшаць іншых. Тут варта ўспомніць пра тое, што Бог заўсёды дае моц на здзяйсненне добрых учынкаў. “Бласлаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх (2 Кар 1, 3–4).
    Вельмі часта сам Езус суцяшаў засмучаных. Калі з мястэчка Наім выносілі цела маладога чалавека, сына беднай удавы, якая разам з ім страціла апошняе суцяшэнне, Хрыстос наблізіўся і звярнуўся да маці са словам любові: “Не плач”, – а да маладзёна са словам усемагутнасці: “Устань”. Адразу ж боль і смерць зніклі. Так жа Езус спяшаўся ў дом Марыі і Марты, каб заплакаць разам з імі над стратай брата Лазара.
    Не трэба баяцца быць разам з засмучанымі. Ва ўзаемным суцяшэнні, якое практыкуюць хрысціяне, выяўляецца і рэалізуецца Божае Валадарства.
   
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці:
    1. Нясенне суцяшэння падтрымлівае смутных і маркотных у час глыбокіх крызісаў.
    2. Сардэчна кагосьці суцешыць – значыць прапанаваць яму зычлівасць, сяброўства, сардэчнасць.
    3. Суцяшэнне неабходна для здабыцця душэўнага спакою.
    4. Яно служыць больш глыбокаму разуменню Божай таямніцы.
    5. Праз учынак міласэрнасці чалавек дазваляе Богу праз сябе ўздзейнічаць на іншую асобу.

   
urbanСлужыць суцяшэннем засмучаных можа кожны, хто неабыякавы да няшчасця бліжняга. Для гэтага трэба заўсёды памятаць пра гаючы эфект малітвы. Калі прычыны смутку незваротныя, такія, як смерць ці невылечная хвароба, сама толькі прысутнасць іншага чалавека прыносіць суцяшэнне. Трэба, па меншай меры, паспрабаваць вярнуць долю радасці жыцця і надзеі засмучанаму, скіроўваючы яго ўвагу на мінучасць зямных каштоўнасцей і трываласць шчасця і радасці ў вечнасці. Калі ж прычыны смутку зваротныя, такія, як цяжкая хвароба, страта сродкаў для годнага жыцця, трэба вярнуць чалавеку надзею на тое, што з часам яны знікнуць. Неабходна асабіста паспрыяць як мага хутчэйшаму знікненню прычын смутку, рэкамендуючы чалавеку практычныя і даступныя спосабы выхаду з цяжкай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, параіць яму добрых знаёмых урачоў або аказаць, па меры магчымасцей, матэрыяльную падтрымку.