Голас свецкіх вернікаў напэўна пачуюць

Актуальна - Інтэрв'ю

Усеагульны Касцёл перажывае ўнікальную падзею – рыхтуецца вялікае апытанне ахрышчаных і людзей добрай волі. Адна з яго мэт – “даць магчымасць усяму Божаму народу разам вызначыць, як рухацца наперад па шляху да больш сінадальнага Касцёла”. Размаўляем са старшынёй сінадальнай камісіі ў Беларусі біскупам Аляксандрам Яшэўскім пра сэнс і задачы гэтага незвычайнага Сінода.
– Эксцэленцыя, растлумачце, як кажуць, простаму беларускаму католіку, навошта патрэбен Сінод і які яго сэнс?
    – Вельмі добра на гэтае пытанне адказвае Вадэмэкум для Сінода ў пункце 1.2: “Сінод […] паказвае шлях, па якім разам ідзе Божы народ. […] Сінадальнасць абазначае асаблівы стыль, які вызначае жыццё і місію Касцёла, выяўляючы яго прыроду як Божага народа, які ідзе разам і збіраецца на сход, скліканы Панам Езусам у моцы Святога Духа, каб абвяшчаць Евангелле”.
Не трэба шукаць у гэтым Сінодзе чагосьці незвычайнага. Перш за ўсё, ён склікаецца, каб нанова адкрыць кожнаму з нас метад абвяшчэння Евангелля. Большасць вернікаў жыве з думкай, што хрысціянскае жыццё абмяжоўваецца ўдзелам у нядзельнай св. Імшы, асвячэннем вербачак, зёлак ці свянцонкі на велікодны стол. Многія лічаць таксама, што галоўнае – мець Бога ў сэрцы і душы, а ўдзел ў літургічным, сакраментальным і місіянерскім жыцці Касцёла не важны альбо, прынамсці, не галоўны. Акрамя таго, лічыцца, што заданне абвяшчаць Евангелле і перадаваць веру ўскладзена толькі на святароў і манаскіх асоб. Гэты спосаб мыслення моцна абмежаваны і вельмі памылковы. Ён робіць верніка “пасіўным гледачом”, а не актыўным удзельнікам штодзённага жыцця Касцёла, таксама адказным за яго лёс. Усе мы павінны быць сумленнымі і добрымі вернікамі не толькі ў мурах касцёла, мусім і па-за ім праяўляць сябе як католікі, як вестуны Добрай Навіны.
    Над уваходам у некаторыя касцёлы змяшчаецца надпіс: “Сюды ты ўваходзіш, бо любіш Бога, а адсюль выходзіш, каб любіць чалавека”. Дык вось, у першую чаргу, любоў да чалавека выяўляецца ў абвяшчэнні іншым Праўды, якою ёсць Езус Хрыстус: “Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14, 6).
   Бп Аляксандр Яшэўскі SDB – дапаможны  біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для г. Магілёва  і Магілёўскай вобласці. Cтаршыня сінадальнай камісіі пры ККББ.
    – У Пастырскім лісце ККББ на распачацце Сінода Біскупаў на тэму сінадальнасці ёсць такія словы: “Слухаць тых, хто мае тыя ж погляды, што і мы, не прыносіць плёну”. Каго ў Беларусі ў гэтым ключы Вам цікава паслухаць?
    – Усіх людзей добрай волі, усіх тых, хто мае жаданне выказацца. Католікаў, праваслаўных, веруючых іншых рэлігій, няверуючых, атэістаў. Заўсёды добра ведаць погляды, якія адрозніваюцца ад нашых. Нездарма прыказка сцвярджае, што ў спрэчцы нараджаецца ісціна.
    Дарэчы, распрацаваная анкета ананімная. Не трэба пісаць сваё імя і прозвішча. Дыяцэзіяльны сінадальны працэс – гэта духоўны працэс, працэс распазнання. Неабходна, як кажа папа Францішак, “слухаць Бога, каб мы маглі з Ім пачуць крык Яго народа; слухаць Яго народ, пакуль мы не прыйдзем да гармоніі з воляй, да якой Бог заклікае нас”.
   
    – Узгадваюцца таксама “католікі, якія рэдка ці ніколі не практыкуюць сваю веру”. Ці ёсць у Вас нейкія ідэі, як заахвоціць гэтую катэгорыю людзей да дыялогу?
    – Дыялог – гэта размова паміж двума людзьмі. Папа і біскупы зрабілі сваю прапанову – запрасілі да дыялогу. Зараз павінны зрабіць свой крок іншыя людзі, сярод якіх і католікі, што не практыкуюць сваю веру. Мы гатовы слухаць і пачуць, гатовы да канструктыўнай крытыкі і прапаноў.
   
    – У пастырскім лісце таксама ёсць словы: “Кожны ахрышчаны павінен адчуваць сябе саўдзельнікам у касцёльных зменах”. Наколькі голас свецкіх вернікаў чуюць у беларускіх курыях? Што можа змяніць Сінод?
    – Спачатку трэба адказаць на пытанне, што такое курыя. Гэта ўстановы і асобы, якія дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ў кіраванні ўсёй дыяцэзіяй, асабліва ў пастырскай дзейнасці, эканамічнай сферы і выкананні судовай улады (параўн. кан. 469). Найпрасцей можна сказаць, што курыя пад кіраўніцтвам біскупа каардынуе дзейнасць Касцёла ў дыяцэзіі. Да яе заданняў належаць таксама зносіны з іншымі касцёльнымі ўстановамі, прыватнымі асобамі і свецкімі вернікамі.
    Згодна з канонам 129 ККП, уладу кіравання, якая існуе ў Касцёле згодна з Боскім устанаўленнем, маюць толькі асобы са святарскім пасвячэннем. А ў ажыццяўленні гэтай улады могуць прымаць удзел і свецкія вернікі. Дарэчы, мы бачым, што сёння ў курыях працуе дастаткова шмат свецкіх.
    Сказаць, што вернікаў у беларускіх курыях не чуюць, было б некарэктна. Курыя ці біскуп стараюцца пачуць кожны голас і адказаць на яго. Пытанне, наколькі гэты голас аб’ектыўны, – ужо іншая справа. Вы нават сабе не можаце ўявіць, колькі зваротаў ад свецкіх вернікаў атрымлівае курыя і колькі з іх не адносяцца да яе кампетэнцыі.
    Калі казаць пра голас свецкіх у кантэксце Сінода, то яго напэўна пачуюць. Сінадальны працэс павінен паспрыяць паглыбленню еднасці між намі, больш поўнаму ўдзелу і больш плённай місіі.
   
    – А што наконт слоў: “Пераадольвайце бедства клерыкалізму”? Якая сітуацыя з клерыкалізмам, на Ваш погляд, у Беларусі?
    – Што такое клерыкалізм? У Вікіпедыі чытаем: “Клерыкалізм – гэта палітычны кірунак, які дабіваецца галоўнай ролі Касцёла і духавенства ў сацыяльным, палітычным і культурным жыцці грамадства. У вузейшым, эклезіялагічным сэнсе – арганізацыя касцёльнага жыцця, якая прадугледжвае дамінаванне кліра – духавенства. Носьбітамі клерыкалізму выступаюць духавенства і звязаныя з Касцёлам асобы. Клерыкалізм выкарыстоўвае ў сваіх мэтах не толькі касцёльны апарат, але і розныя клерыкальныя арганізацыі, клерыкальныя палітычныя партыі, а таксама створаныя пры цесным удзеле Касцёла прафсаюзныя, моладзевыя, жаночыя, культурныя і іншыя арганізацыі”.
    Мне здаецца, што ў Касцёле ў Беларусі няма гэтай праблемы. Касцёл выказвае сваё гледжанне па важных сацыяльных, палітычных, маральных пытаннях, але не навязвае яго грамадству.
    Калі казаць пра г. зв. “клерыкалізм” у парафіях, то ўсё ж першы адказны за душпастырскую дзейнасть – святар, пробашч парафіі. І гэтую адказнасць ён нясе перад Богам і дыяцэзіяльным біскупам, наступнікам апосталаў.
   
СКЛАД СІНАДАЛЬНАЙ КАМІСІІ ПРЫ ККББ
   
    Бп Аляксандр Яшэўскі SDB – адказны ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, старшыня.
    Кс. кан. Аляксандр Мацкевіч – адказны ў Гродзенскай дыяцэзіі.
    Кс. Андрэй Рылка – адказны ў Пінскай дыяцэзіі.
    Кс. Аляксей Лешко – адказны ў Віцебскай дыяцэзіі.
    Кс. Віктар Гайдукевіч SDB – старшыня Каардынацыйнай рады манаскіх асоб у Беларусі.
    Акрамя сінадальнай камісіі пры ККББ, у кожнай дыяцэзіі створана свая камісія, у склад якой уваходзяць духоўныя асобы і свецкія вернікі. Усе яны былі прызначаны сваімі біскупамі.
   
   СПОСАБ ПРАВЯДЗЕННЯ СІНАДАЛЬНАЙ КАНСУЛЬТАЦЫІ
   
    На catholic.by з’явіцца асобная платформа, дзе будзе змешчана ўся даступная інфармацыя пра дыяцэзіяльны этап Сінода Біскупаў у дыяцэзіях Беларусі.
    Адмысловая анкета будзе змешчана на старонцы catholic.by, у газетах “Слова Жыцця” і “Каталіцкі веснік”, часопісах “Дыялог”, “Ave Maria”, “Наша вера”.
    Ужо створаны паштовыя скрыні для магчымасці даслаць анкеты ў фармаце Word.
    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript – для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript – для Гродзенскай дыяцэзіі.
    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript – для Пінскай дыяцэзіі.
    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript – для Віцебскай дыяцэзіі.
    Будзе магчымасць запаўнення анкеты ў фармаце Google для карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сацыяльных сетак.
    Просім пробашчаў надрукаваць некалькі копій анкеты і размясціць іх у адпаведным месцы ў касцёле для старэйшых парафіян, а таксама дапамагчы ім у перасылцы адказным у дыяцэзіях.
   
    АНІМАЦЫЯ АНКЕТЫ СІНАДАЛЬНАЙ КАНСУЛЬТАЦЫІ БУДЗЕ АДБЫВАЦЦА:
   
    - падчас пастырскіх сустрэч духавенства і манаскіх асоб у дыяцэзіях.
    - падчас сустрэч розных груп і малітоўных рухаў, прысвечаных тэме Сінода і сінадальнай кансультацыі.
    Анкета будзе прадстаўлена на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах.

    – “Мы павінны быць гатовыя змяніць свае меркаванні”, – пішуць беларускія біскупы. Ці можна сказаць, што гэты Сінод з’яўляецца пэўнай “дэмакратызацыяй” Касцёла? Каб кожны прымаў удзел, стараўся ўплываць. Як Вы лічыце, біскупы і курыі да гэтага гатовы?
    – Гаварыць пра “дэмакратызацыю” Касцёла было б няправільна і памылкова. Касцёл усё ж застаецца іерархічны. Гэтаму нас вучыць і Катэхізіс, і Кодэкс кананічнага права.
    “Хрыстос Сам ёсць Крыніца служэння ў Касцёле. Ён яго ўстанавіў, даў яму ўладу і місію, накірунак і мэту: «Хрыстос Пан, каб пасвіць і памножыць Народ Божы, устанавіў у сваім Касцёле розныя служэнні, накіраваныя на карысць усяго цела. Бо служыцелі, якія валодаюць святой уладай, служаць сваім братам, каб усе, хто належыць да народа Божага, [...] прыйшлі да збаўлення»” (параўн. ККК 874).
    Кожны з нас ў Касцёле мае сваё заданне, дзякуючы якому ўсе, згодна са становішчам і абавязкамі, супрацоўнічаюць дзеля будавання Цела Хрыстовага (параўн. ККК 872). На маю думку, і біскупы, і курыі гатовыя да гэтага супрацоўніцтва. Пытанне можа быць у іншым: наколькі вернікі да гэтага падрыхтаваныя і гатовыя? Кіраваць і ўплываць на Касцёл жадаюць многія, а “закасаць рукавы і папрацаваць” – адзінкі.