З біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандрам Кашкевічам на тэму паклікання, неабходнасці семінарыі ў дыяцэзіі, пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату, а таксама выхавання будучых святароў размаўляў кс. Павел Салабуда, галоўны рэдактар.
– Ці памятаеце Вы сваю семінарыю? Што найбольш запомнілася з часоў навучання? – Я лічу, што семінарыя – гэта такое месца і такі досвед, які адкладваецца ў памяці на ўсё жыццё. Для кожнага клерыка семінарыйныя гады – гэта перш за ўсё час падрыхтоўкі да прыняцця самага вялікага дару, якім з’яўляецца святарства. Усведамленне таго, што з кожным годам, месяцам, днём гэтая мэта становіцца ўсё бліжэй, жаданне як мага лепш падрыхтавацца да заданняў, якія чакаюць цябе зусім не ў далёкай будучыні, пачуццё ўласнай адказнасці перад Богам і Касцёлам, радасць ад прыняцця чарговых паслуг у дарозе да пасвячэння – усё гэта вельмі мабілізуе і застаецца ў памяці назаўсёды. Я вельмі часта вяртаюся думкамі ў семінарыю ў Коўне. З удзячнасцю думаю пра выхавацеляў і выкладчыкаў, якія не толькі перадавалі нам веды, не толькі дзяліліся сваім багатым жыццёвым вопытам, але і давалі цудоўны асабісты прыклад святарства і чалавечнасці. Я таксама вельмі ўдзячны ксяндзу, у парафіі якога я праводзіў летнія канікулы. Яму была ўласціва аўтэнтычная набожнасць, высокая асабістая культура, вялікая жыццёвая мудрасць, сапраўдная любоў да Касцёла. Побыт у яго парафіі быў гарманічным дапаўненнем семінарыйнай фармацыі: мы разам маліліся, разважалі, размаўлялі на духоўныя тэмы, з вялікай тактоўнасцю і павагай ксёндз пробашч знаёміў мяне са спецыфікай парафіяльнага душпастарства. Пасля кожнага побыту ў парафіі я вяртаўся ў семінарыю духоўна ўзбагачаны і яшчэ больш упэўнены ў пакліканні. Да сённяшняга дня я вельмі часта ўзгадваю, безумоўна, братоў клерыкаў, з якімі мы дзялілі нашу семінарыйную штодзённасць. А калі мы сустракаемся з даўнімі сябрамі з семінарыі, вельмі любім дзяліцца ўспамінамі з клерыцкіх гадоў, асабліва аб вясёлых, забаўных выпадках, якіх у нашай Альма-матэр таксама хапала.
– Ваша Эксцэленцыя, Вы цяпер апекуецеся семінарыяй у Гродне. Чым для Вас з’яўляецца семінарыя? – Апека над семінарыяй – гэта штосьці відавочнае для кожнага біскупа, гэта, згодна з кананічным правам, нават яго абавязак. Я ўсведамляю, што сённяшнія клерыкі – гэта будучыя святары, маі супрацоўнікі, якія будуць несці паслугу ў нашым партыкулярным Касцёле на карысць вернага люду. Чым лепш яны выкарыстаюць час семінарыйнай фармацыі, тым лепшымі будуць святарамі, тым больш плённым будзе іх служэнне ў Касцёле, тым больш яны змогуць даць Божаму люду. Таму пры розных нагодах я прыгадваю клерыкам пра адказнасць, якая ўжо цяпер на іх ускладзена – адказнасць за іх будучае святарства, заахвочваю да таго, каб яны як мага лепш выкарысталі час семінарыйнага навучання, каб з удзячнасцю і адкрытасцю прымалі ўсё, што семінарыя ім прапануе ў межах усебаковай фармацыі, бо гэта безумоўна будзе ім неабходна ў будучыні як святарам.
– Кажуць, што семінарыя – гэта сэрца дыяцэзіі. Ці з’яўляецца Гродзенская ВДС такім сэрцам, і як, на Вашу думку, яно пульсуе? – Мне вельмі падабаецца гэты тэрмін – “сэрца дыяцэзіі”. Ён незвычайна прыгожы і трапны. Падобна як сэрца ў арганізме размяркоўвае кроў і забяспечвае жыццё, так і семінарыя, рыхтуючы маладых людзей да святарства, забяспечвае жыццё дыяцэзіі. Нашы вернікі старэйшага і сярэдняга пакалення добра памятаюць часы, калі не хапала святароў, калі ў большасці парафій не было душпастара. Што з таго, што быў касцёл, калі ў ім не было святара? На шчасце, сёння мы знаходзімся ў непараўнальна лепшай сітуацыі. За 25 гадоў свайго існавання наша семінарыя выпусціла больш за 200 ксяндзоў, якія працуюць не толькі ў нашай дыяцэзіі, але і ў іншых дыяцэзіях Беларусі, а таксама за яе межамі. Кожны год некалькі выпускнікоў семінарыі прымаюць святарскае пасвячэнне. На сённяшні дзень у семінарыі рыхтуюцца 33 кандыдаты да святарства. У бягучым 2015 годзе на першы год навучання было прынята 6 алюмнаў. У нас поўны штат выкладчыкаў і выхавацеляў, добра ўкамплектаваная бібліятэка, адпаведныя жыллёвыя ўмовы... На маю думку, можна смела сказаць, што сэрца Гродзенскай дыяцэзіі пульсуе нармальным, здаровым рытмам.
– Удзяляючы чарговыя пасвячэнні дыяканату і прэзбітэрату ў гродзенскай катэдры, што Вы думаеце пра маладых святароў і дыяканаў? Ці добра яны падрыхтаваны для працы ў дыяцэзіі? – Перш за ўсё, кожныя чарговыя святарскія ці дыяканскія пасвячэнні – гэта вялікая радасць для мяне, бо прыбывае работнікаў у вінаградніку Пана. І хоць наша дыяцэзія цяпер не адчувае такога вострага недахопу святароў, як было яшчэ некалькі гадоў таму, гэта зусім не азначае, што нам больш не патрэбны святары. Кожны наступны святар – гэта большы патэнцыял нашага Касцёла, большыя магчымасці службы Божаму люду, большы шанс дайсці з пасланнем Евангелля да тых, хто яшчэ не сустрэў Езуса ў сваім жыцці. У маладых святароў і дыяканаў я бачу шмат стараннасці, аўтэнтычнага энтузіязму, шчырага жадання абвяшчаць Хрыста словам і ўчынкам. Гэта вельмі важна як задатак іх плённай, адданай паслугі ў Касцёле. Калі казаць пра іх падрыхтоўку да працы ў дыяцэзіі, магу яе ацаніць як добрую: і з тэарэтычнага боку, і з практычнага. У святарскай паслузе важную ролю адыгрывае таксама асабісты вопыт, але гэтаму, канешне, не ўдасца навучыць у семінарыі – ён прыходзіць з часам, і гэта заданне на ўсё жыццё.
– Ваша Эксцэленцыя, што сёння, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб добра выхаваць будучага святара? – Выхаванне – працэс надзвычай складаны і мнагамерны. У афіцыйных дакументах Касцёла, прысвечаных праблематыцы падрыхтоўкі да святарства, ідзе гаворка пра чатыры аспекты фармацыі кандыдатаў: людскі, духоўны, інтэлектуальны і пастаральны. У семінарыйным выхаванні бяруцца пад увагу ўсе гэтыя аспекты, бо інакш святар, які пакідае семінарыю, проста не быў бы здольны добра і адказна рэалізаваць сваю місію ў Касцёле. Не трэба, аднак, забывацца, што ў выхаваўчым працэсе клерыка ўдзельнічае не толькі кола выхавацеляў і выкладчыкаў семінарыі. Іншыя людзі таксама аказваюць уплыў на фарміраванне асобы будучага святара: бацькі, родныя, сябры, калегі, святары па-за семінарыяй... Перш за ўсё, трэба памятаць, што семінарыйнае выхаванне з’яўляецца ў вялікай ступені самавыхаваннем, гэта значыць свядомым і дабравольным супрацоўніцтвам алюмна з асобамі, адказнымі за яго фармацыю. Урэшце, ад кожнага кандыдата больш за ўсё залежыць, наколькі ён адкрыецца і выкарыстае тыя магчымасці, якія яму даюць гады побыту ў семінарыі.
– Якое значэнне мае семінарыя ў дыяцэзіі? – Семінарыя – гэта вельмі важная ўстанова, паколькі яна рыхтуе святароў – пастараў, праваднікоў у веры, настаўнікаў Божага люду. Невыпадкова кананічнае права наказвае, каб біскупы – там, дзе гэта магчыма, – паклапаціліся аб стварэнні духоўных семінарый ва ўласных дыяцэзіях. У дыяцэзіяльных семінарыях ужо на этапе фармацыі да святарства будучыя ксяндзы бліжэй знаёмяцца з рэчаіснасцю ўласнага мясцовага Касцёла, яго спецыфікай, душпастарскімі праблемамі, яшчэ больш інтэгруюцца з дыяцэзіяльнай супольнасцю, да якой належаць і ў якой пасля атрымання пасвячэння будуць выконваць святарскую паслугу. Такім чынам ствараецца таксама пэўная традыцыя, бесперапыннасць, спецыфічная сувязь паміж ксяндзамі рознага ўзросту і з розным святарскім “стажам”. Усё гэта з’яўляецца вялікім багаццем мясцовага Касцёла і пазітыўна ўплывае на якасць святарскай паслугі. Канешне, не ўсе дыяцэзіі маюць магчымасць мець уласныя семінарыі. У Касцёле існуюць таксама іншыя рашэнні, напрыклад, міждыяцэзіяльныя семінарыі, рэгіянальныя, місійныя. Аднак не выклікае сумненняў, што лепш за ўсё, калі адукацыя будучых святароў адбываецца ва ўласнай дыяцэзіі.
– 10 лістапада 2015 года ксёндз біскуп Аляксандр Яшэўскі выказаўся для “Каталіцкага Весніка” (газета Віцебскай дыяцэзіі), што “ў каталіцкіх семінарыях Беларусі чакаюцца перамены і мадыфікацыя”. Пра якія перамены, на Вашу думку, ідзе гаворка? – Я не хацеў бы спасылацца на выказванне ксяндза біскупа Аляксандра Яшэўскага, паколькі я не ведаю, якія канкрэтна перамены ён меў на ўвазе. На маю думку, кожная духоўная семінарыя ёсць і павінна быць дынамічнай установай, здольнай хутка рэагаваць на змены, што адбываюцца ў свеце і ў грамадстве, каб святары, пакідаючы сцены Альма-матэр, былі адпаведным чынам падрыхтаваны да душпастарскіх праблем, якія іх чакаюць. Таму перад кожнай семінарыяй стаіць вельмі важная задача пастаяннага ўдасканальвання ўласнай фармацыйнай праграмы ва ўсіх чатырох сферах, пра якія я ўжо прыгадваў. Я ўпэўнены, што дзякуючы супольнаму высілку ксяндза рэктара, кола выкладчыкаў і выхавацеляў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі такое ўдасканальванне фармацыі будучых святароў адбываецца ў нас безупынна і мае эвалюцыйны характар.
– Ці будзе зачынена семінарыя ў Гродне? Якая будучыня чакае нашу семінарыю? – Асабіста я не бачу прычыны, па якой гродзенская семінарыя магла б быць зачынена. Наша дыяцэзія характарызуецца адносна высокай – як на сённяшні час – і ў меру стабільнай колькасцю пакліканняў да святарства. Маладыя лю-дзі, якія чуюць голас паклікання і прагнуць пайсці за ім, выбіраючы дарогу святарскага жыцця, маюць магчымасць поўнай і ўсебаковай фармацыі ў нашай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам кампетэнтных і вопытных выхавацеляў і выкладчыкаў. Таксама з матэрыяльнага боку семінарыя ў Гродне здольна забяспечыць ім добрыя бытавыя ўмовы. Таму, на маю думку, не існуе ніякіх рацыянальных перадумоў, каб Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя была зачынена ці радыкальна змяніла прынцыпы свайго функцыянавання. Што ж датычыцца будучыні, усё будзе залежаць ад колькасці пакліканняў. У многіх заходніх краінах біскупы былі вымушаны закрываць семінарыі з-за адсутнасці пакліканняў да святарства. Я спадзяюся, што такая сумная перспектыва не стане рэчаіснасцю ў нашай дыяцэзіі. Таму я таксама прашу ўсіх вернікаў, у тым ліку шаноўных Чытачоў “Слова Жыцця”, аб малітве ў інтэнцыі пакліканняў. “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё” (Лк 10, 2), – гэтыя словы Езуса заўсёды будуць актуальнымі. Будучыня нашай семінарыі залежыць ад будучыні пакліканняў у нашым мясцовым Касцёле.
– Ваша Эксцэленцыя, што Вы можаце пажадаць новым дыяканам і святару? – Я паўтару тое, што казаў падчас урачыстасці пасвячэння: жадаю ім, каб былі вернымі, стараннымі, святымі святарамі, каб з самаадданасцю і запалам служылі людзям, да якіх яны будуць пасланыя, а таксама каб памяталі, што Езус Хрыстус заўсёды з імі. Няхай адчуваюць глыбока ў сваіх сэрцах любоў Хрыста, і тады яны змогуць несці гэтую любоў іншым.
– Дзякуй за размову.