Езус не абяцаў жыццё без цяжкасцей

Актуальна - Інтэрв'ю

Пробашч парафіі і кусташ Дыяцэзіяльнага санктуарыя Пана Езуса Журботнага ў Росі кс. Чэслаў Паўлюкевіч разважае над праблемамі, якія вядуць чалавека да страты шчасця.
– Сёння, напэўна, няма ў Беларусі месца, дзе б не чулі пра мястэчка Рось. Чым яно паспела праславіцца?
    – Ва ўсім свеце ёсць мясціны, выбраныя самім Богам, дзе дзейнічае асаблівая ласка. Мы гаворым і пра Рось, і пра Тракелі, Будслаў, Браслаў, Жыровічы, Вільнюс, Чанстахову, Лурд, Фаціму... У гэтых месцах чалавек перажывае тое, што не можа адчуць у іншай святыні, дома, у лесе, у полі, хоць Бог жывы ў сэрцы кожнага з нас.
Калі я пытаюся ў людзей, ці ўсюды ў зямлі ёсць вада, мне звычайна адказваюць: “Так, усюды”. І маюць рацыю. Толькі каб дабрацца да вады, дзесьці трэба выкапаць калодзеж на глыбіню 5 метраў, дзесьці прабурыць скважыну на 10 метраў, а ў пустыні – нават на 200–300. У той жа час у прыродзе ёсць месцы, дзе не трэба дабірацца да вады, бо яна сама выходзіць з зямлі. Гэта крыніцы. Таму падобныя месцы вельмі трапна параўнаць з крыніцамі. Дастаткова, каб чалавек прыйшоў сюды, і ён ужо можа напіцца.
   
    – Чаго людзі шукаюць у Росі? Што тут знаходзяць?
    – Вельмі часта, амаль няспынна, тут адбываюцца рознага роду цуды, ацаленні, вызваленні ад залежнасцей. Многія аддаюць Богу свае грахі – лёгкія і цяжкія, тыя, якія насілі на працягу доўгага часу. Шмат хто адкрывае іх для сябе тут, таму што знаходзіцца ў месцы асаблівай Божай ласкі. Людзі выходзяць з дэпрэсіі, знаходзяць сапраўдны сэнс жыцця. Гэта вялікая радасць!
   
    – А што, увогуле, робіць людзей няшчаснымі?
    – Сёння хрысціяне шукаюць жыцця без праблем. І калі веруючы чалавек пастаянна сутыкаецца з цяжкасцямі, а яго сусед, умоўна, жыве па прынцыпах дарвінізму і ўсё ў яго складваецца добрым чынам, то ў душы хрысціяніна ўзнікае канфлікт. Але Езус ніколі не абяцаў сваім вучням жыццё без праблем. Ён папярэджваў пра цяжкасці. У чым жа тады радасць Евангелля? Хрыстос абяцаў, што дасць сілы быць вышэй любой праблемы, нават праблемы смерці.
    І калі чалавек прымае гэтую праўду і жыве з Езусам, ён атрымлівае сілы. Жыццё змяняецца, змяняецца яго ўнутраны стан, нават калі праблема застаецца. Але чалавек можа і не напоўніцца гэтай сілай, таму што закрываецца ад Бога, не дазваляе Яму дзейнічаць у жыцці. Мне вельмі падабаецца назва кнігі кс. Яна Рэчэка – “Дазволь Езусу змяніць тваё жыццё”. Гэты выраз азначае, што Хрыстос прагне для ўсіх нас шчасця, але захоўвае дар, дадзены чалавеку Богам, які называецца воляй.
   
    – Чалавек, які адказвае на прапанову Хрыста, можна сказаць, “перанараджаецца”?
    – Абнаўленне можа быць заўважнае не адразу. Часам чалавек усведамляе гэта толькі праз некалькі месяцаў ці гадоў. Але каб падтрымліваць гэты стан, неабходна рабіць наступныя крокі: рэгулярна маліцца, чытаць Біблію, прыступаць да споведзі, прымаць св. Камунію. Як толькі чалавек спыняецца на гэтым шляху, сілы знікаюць і ён падае. Неабходна разумець, што калі аднойчы прапалоць агарод ад пустазелля, гэтага хопіць ненадоўга. Каб зямля магла прыносіць плён, яе трэба ачышчаць рэгулярна.
   
    – Вядома, для гэтага патрэбна прыкладваць шмат намаганняў…
    – Як кажуць, “каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці”. Мы ведаем, што св. Пётр з рыбакамі цэлую ноч працавалі, каб налавіць рыбы. Раніцай яны былі галодныя, стомленыя, злыя, бо не ўдалося злавіць ніводнай рыбіны. А Езус сказаў ім: “Закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце” (Ян 21, 6). І калі так зрабілі, ужо не маглі выцягнуць нерат на бераг ад мноства рыбы. Яны паслухаліся і атрымалі ўзнагароду, Хрыстос адарыў іх Божай ласкай. Але яны павінны былі закінуць нерат – у гэтым быў іх удзел.
   
    – Што б Вы як святар хацелі сказаць кожнаму чалавеку, нават незнаёмаму, якога сустракаеце на сваім шляху?
    – У гэтым я хацеў бы наследаваць Марыю… У Святым Пісанні ёсць фрагмент, калі чалавек сутыкнуўся з праблемай на вяселлі: не хапіла віна. І Маці Божая тады паказала на свайго Сына і сказала вельмі коратка і проста: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2, 5)…