Містэрыі Гервятаў

Актуальна - Інтэрв'ю

Фотаальбом пад такой назвай пабачыў свет у сталічным выдавецтве “Тэхналогія”. Выданне, якое з’яўляецца плёнам працы майстра фатаграфічнага мастацтва Валерыя Вядрэнкі, змяшчае серыю фотаздымкаў, навеяных ўражаннямі ад скульптуры, архітэктуры і духу касцёла Найсвяцейшай Тройцы.
– Cпадар Валерый, распавядзіце, калі ласка, якім чынам нарадзілася серыя фотаздымкаў “Містэрыі Гервятаў”?
    – У 2008 годзе я выпадкова натрапіў у інтэрнэце на фотаздымкі скульптур Апосталаў, якія размешчаны на тэрыторыі гервяцкага касцёла. Яны мяне вельмі ўразілі сваёй выразнасцю і прыгажосцю. Перад вачамі нават узнікла ясная карціна: восень, туман, скульптуры і касцёл у далечыні… Я вырашыў паехаць у Гервяты і сфатаграфаваць гэтых Апосталаў.
Першая паездка ў мястэчка адбылася ў сакавіку 2011 года. Памятаю, што калі прыбыў на месца і адчыніў дзверы ў машыне, то, як кажуць, мову адняло. Спадзяваўся ўбачыць што заўгодна, але не тую карціну, якая паўстала ў мяне перад вачамі. З фотаапаратам у руках я прахадзіў 4 гадзіны. Быў цудоўны дзень: сонца, завіруха, дождж, сонца, снег, зноў сонца. Я рабіў фотаздымкі цудоўнага касцёла, а пра скульптуры Апосталаў, дзеля якіх першапачаткова ехаў, успомніў толькі тады, калі ўжо трэба было вяртацца. І ўсё роўна не атрымалася іх сфатаграфаваць, бо яны ўстаноўлены такім чынам, што сонца ўвесь час за іх спінамі, а твары – у цені. Тады я разлічыў, што здымаць скульптуры можна толькі ў сярэдзіне лета на захадзе, калі святло будзе падаць належным чынам і твары будуць выразна бачныя.
    Увечары я прыехаў дадому, закінуў зняты матэрыял у камп’ютар і быў страшна разачараваны, таму што ён не адпавядаў тым адчуванням і эмоцыям, якія касцёл выклікаў у мяне на самой справе. Я зразумеў, што святыню ў Гервятах нельга прадставіць адным ці некалькімі кадрамі. Яна падобна скульптуры, якую трэба здымаць з розных бакоў, у розныя поры году, у розны час сутак. Толькі тады чалавек, які будзе глядзець на фотаздымкі, атрымае найбольш поўнае і глыбокае ўяўленне пра святыню.
    Каб зрабіць фотавыявы гервяцкага касцёла, мне спатрэбілася 5 паездак у мястэчка. Але не было так, што я з самага пачатку прыдумаў зрабіць асобную серыю фотаздымкаў. Яна склалася сама сабою з таго матэрыялу, які я адздымаў. Першапачаткова серыя называлася “Апосталы Гервятаў” і складалася з 3-ох частак: дакументальныя фотаздымкі рэстаўрацыі і вонкавага аблічча касцёла ў розныя поры года; фасады і інтэр’еры, стылізаваныя пад фотагравюры канца XIX – пачатку XX стагоддзя; фотапластычныя кампазіцыі на тэмы Евангелля. Калі гэтая выстава экспанавалася ў Мінску ў Чырвоным касцёле, я раптам заўважыў, што не хапае 7-8 манахромных работ. Я іх зрабіў і пасля паказаў увесь праект у галерэі TUT.BY пад назвай “Містэрыі Гервятаў”.
   
 Касцёл Найсвяцейшай Тройцы – адзін з лепшых узораў неагатычнай  архітэктуры пачатку XX стагоддзя    – Фотаальбом таксама дапоўнены 4-ай часткай, прысвечанай святкаванню Вялікадня. Чым было абумоўлена яе ўзнікненне?
    – Калі ў мяне ўзнікла жаданне аб’яднаць увесь матэрыял пра Гервяты пад адной вокладкай і пачалася праца над выданнем фотаальбома, я адчуў, што ў ім нечага не хапае. На фотаздымках была адлюстравана толькі архітэктура, і не ставала гісторыі парафіяльнай супольнасці. Таму я вырашаў увекавечыць на фота мясцовых вернікаў, якія прычыніліся да аднаўлення святыні. Паехаў у Гервяты на Вялікдзень і цягам 2-ух дзён проста фатаграфаваў гэтых людзей, рабіў рэпартаж са свята без усякай пастаноўкі. Такім чынам у альбоме з’явілася 4-ая частка, як своеасаблівая даніна памяці мясцовым парафіянам. Яна, можна сказаць, ажывіла альбом, паколькі адлюстроўвае вясновае аднаўленне і прасякнута надзеяй, што пакуль жывыя людзі, жывая і вера.
   
    – Падчас прэзентацыі альбома ў Мінску Вы дэманстравалі фотафільм “Апосталы Гервятаў”. З якой мэтай была раэлізавана гэтая ідэя?
    – Раней мне думалася, што ў жыцці я буду займацца кіно. Атрымаў адукацыю, здымаў. Так склалася, што часы савецкай перабудовы перакрыжавалі ўсе мае планы, але кіношнік ува мне не памёр, працягваў жыць унутры. Гэта, напэўна, паўплывала на тое, што я вырашыў дапоўніць “Містэрыі Гервятаў” фотафільмам. Ён ніякім чынам не супярэчыць ні аднайменнай выставе, ні фотаальбому, а з’яўляецца яшчэ адной формай выказвання.
    У аснову відэарадка “Апосталы Гервятаў” пакладзены фотаздымкі, якія ёсць у альбоме. Але асаблівасць і важнасць гэтага фотафільма ў тым, што я агучыў выявы, надаў ім дынаміку і тыя эмоцыі, якіх не хапае на плоскаснай выяве. Я знайшоў адпаведную фанаграму – і фотаздымкі ажылі, напоўніліся тымі адчуваннямі, якія мяне суправаджалі падчас працы над гэтай серыяй.
   
 Фотамантажныя працы з серыі “Містэрыі Гервятаў” выкананы ў традыцыйнай аўтарскай тэхніцы – фотапластыцы    – У адным са сваіх інтэрв’ю Вы сказалі, што чалавек на працягу жыцця не змяняецца, а праяўляецца. Якім чынам фатаграфія паўплывала на Вас?
    – Фатаграфія вельмі крута змяніла маё жыццё, нягледзячы на тое, што я пачаў ёй займацца даволі позна – калі мне было 50 гадоў. У большасці людзей на гэты ўзрост прыпадае пік кар’еры, мая ж, выходзіць, толькі пачыналася. Гэта звязана са з’яўленнем лічбавай фатаграфіі, паколькі ў звычайнай плёнкавай я не мог знайсці і выказаць сваё “кінематаграфічнае” бачанне. Дагэтуль займаўся і жывапісам, і графікай, і скульптурай, а калі з’явілася новая тэхналогія вырабу фотаздымкаў, зразумеў, што ўсё жыццё яе чакаў. Я пачаў займацца мантажнай фатаграфіяй, якая дазваляе ствараць работы на стыку фатаграфіі і выяўленчага мастацтва. Свой метад стварэння работ называю фотапластыкай. Аднак захапленне мантажнымі кампазіцыямі не перашкаджае працаваць і ў галіне традыцыйнай фатаграфіі.
    Увогуле, у мяне дастаткова складаная біяграфія, я перажыў перыяд сур’ёзнага творчага крызісу. І калі б не лічбавая фатаграфія, хутчэй за ўсё мяне б ужо не было на гэтым свеце…